Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

гадава́нец, -нца, мн. -нцы, -нцаў, м., каго-чаго або чый.

Той, хто выхаваны, вывучаны кім-, чым-н.

Г. кансерваторыі.

|| ж. гадава́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак.

гадава́ць, -ду́ю, -ду́еш, -ду́е; -ду́й; -дава́ны; незак., каго-што.

1. Даглядаючы, выхоўваючы, забяспечыць рост, развіццё каго-н.

Г. дзяцей.

Г. цяля.

2. Адрошчваць (валасы, ногці і пад.).

Г. бараду.

|| наз. гадава́нне, -я, н. і гадо́ўля, -і, ж. (да 1 знач.).

Конь сваёй гадоўлі.

гадаві́на, -ы, мн. -ы, -ві́н, ж.

Каляндарная дата, дзень, у які спаўняецца яшчэ адзін год з часу якой-н. падзеі.

Г. перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

гадавы́ гл. год.

га́дасць, -і, мн. -і, -ей, ж. (разм.).

1. Прадмет, які выклікае непрыемнае, агіднае пачуццё.

Выкінь гэту г.

2. Агідны, нізкі ўчынак; брыдкія словы.

Рабіць гадасці.

Гаварыць гадасці.

гадаўё, -я́, н., зб.

1. Гадзюкі, гады (у 1 знач.).

У балоце многа гадаўя.

2. Пра людзей, дзеянні і ўчынкі якіх выклікаюць агіду, асуджэнне (разм., лаянк.).

га́даўка, -і, ДМ -даўцы, мн. -і, -давак, ж. (разм., пагард.).

Пра жанчыну, учынкі якой выклікаюць агіду, асуджэнне.

гада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; незак.

1. Варажыць, даведвацца пра будучае або мінулае па картах ці па якіх-н. прыметах.

Г. на картах.

2. Меркаваць, выказваць здагадкі.

Г. пра твой намер.

Не думала, не гадала (зусім не дапускала думкі).

|| зак. пагада́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е (да 1 знач.).

|| наз. гада́нне, -я, н.

га́дзіна, -ы, мн. -ы, -дзін, ж.

1. Тое, што і гадзюка (у 1 знач.).

2. Той, хто выклікае да сябе агіду (пагард.).

Фашысцкая г.

гадзі́на, -ы, мн. -ы, -дзі́н, ж.

1. Адзінка вымярэння часу, роўная 60 мінутам.

Прыйсці раней на гадзіну.

2. Адзінка часу ў 60 мінут, якую адлічваюць ад паўдня ці ад паўночы.

Г. ночы.

Трэцяя г. дня.

3. Прамежак часу, што адводзіцца на ўрок, лекцыю і пад.

Акадэмічная г.

4. толькі мн. Педагагічныя заняткі, лекцыі (пра нагрузку выкладчыкаў).

Мець гадзіны ва ўніверсітэце.

5. Пара́, час (высок.).

Суровая г. вайны.

6. Час, адведзены для чаго-н.

Прыёмныя гадзіны.

Вольная г.

Гадзіна пік — час найвышэйшага напружання ў рабоце транспарту, электрастанцыі і пад.

Апошняя (смяротная) гадзіна — смерць.

Гадзіна ў гадзіну — дакладна, у вызначаны тэрмін.

З гадзіны на гадзіну — вось-вось, у кожны момант.

Чорная (ліхая) гадзіна — цяжкі час.

Шэрая гадзіна (разм.) — змрок вечарам пасля заходу сонца.

|| ласк. гадзі́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж. (да 1 знач.).

|| прым. гадзі́нны, -ая, -ае (да 1—3 знач.).

Г. перапынак.

Гадзінная норма.

Паехаць гадзінным цягніком (які адпраўляецца ў гадзіну дня, ночы).