Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

хіба́¹, часц.

Тое, што і хі́ба².

хіба́², злуч.

Тое, што і хі́ба³.

хі́біць, хіблю, хі́біш, хі́біць; незак. (разм.).

1. Дапускаць пралікі, недакладнасці, рабіць памылкі.

2. перан. Баяцца каго-н., губляцца перад кім-, чым-н.

Перад кім хібіў старшыня, дык гэта перад начальствам.

хі́бнасць, -і, мн. -і, -ей, ж.

1. Памылка, няправільнасць, недакладнасць.

2. Розніца паміж сапраўднай велічынёй чаго-н. і велічынёй, атрыманай пры вымярэнні; адхіленне ад зададзенай велічыні; недакладнасць (спец.).

Абсалютная х.

Адносная х.

хілі́цца, хілю́ся, хі́лішся, хі́ліцца; незак.

1. Прыгінацца ўніз, нахіляцца, нагінацца.

Да вады хіліліся вербы.

Буйныя каласы хіліліся да зямлі.

2. Нахіляцца набок.

Судна пачало х. на той бок, дзе была прабоіна.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан., да чаго. Набліжацца да чаго-н., да якой-н. мяжы.

Кароткі снежаньскі дзень хіліўся да вечара.

Час хіліўся да восені.

4. перан., перад кім-чым. Здавацца, пакарацца.

Не нам х. перад цяжкасцямі.

5. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан. Накіроўвацца, ісці да чаго-н. (пра гутарку, справы, учынкі і пад.).

Было відавочна, куды хіляцца падзеі.

Справа хіліцца ў патрэбным напрамку.

6. Туліцца, гарнуцца да каго-н.

Хлопчык хіліўся да матулі.

7. перан. Мець цягу, сімпатыю да каго-н.

Сын больш хіліўся да бацькі, чым да маці.

хілі́ць, хілю́, хі́ліш, хі́ліць; незак.

1. што. Прыгінаць уніз, нахіляць.

Вецер хіліць бярозку да зямлі.

2. што. Нахіляць набок.

Вецер хіліў лодку.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), каго-што і безас. Ахопліваць, адольваць каго-н. (пра сон, дрымоту).

Яго хіліць сон.

Дзяцей хіліла на дрымоту.

4. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан., на што. Хіліцца, набліжацца да чаго-н.

Хіліла (безас.) ужо на вечар.

5. перан., што да чаго, куды і без дап. Накіроўваць да чаго-н. (думку, справу і пад.).

Было зразумела, куды ён хіліць гутарку.

6. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.), перан., каго да каго-чаго. Прыцягваць, вабіць; гарнуць, цягнуць.

Сумны настрой не хіліў да песень.

Яго хіліла (безас.) да навукі.

хі́лы, -ая, -ае (разм.).

Слабы, хваравіты.

Хілае дзіця.

Хілая расліна.

|| наз. хі́ласць, -і, ж.

хім...

Першая састаўная частка складаных слоў са знач. хімічны, напр.: хімапаратура, хімвалакно, хімзавод, хімкамбінат, хімсыравіна.

хіме́ра, -ы, мн. -ы, -ме́р, ж.

1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — пачвара з ільвінай галавой, казліным тулавам і хвастом дракона, а таксама скульптура гэтай пачвары ў сярэдневяковым мастацтве.

2. Неажыццявімая, нязбытная і дзіўная мара (кніжн.).

|| прым. хімеры́чны, -ая, -ае (да 2 знач.).

Хімерычная ідэя.

|| наз. хімеры́чнасць, -і, ж.

хімізава́ць, -зу́ю, -зу́еш, -зу́е; -зу́й; -зава́ны; зак. і незак., што.

Укараніць (укараняць) дасягненні хіміі і хімічных метадаў апрацоўкі рэчываў у тэхніцы, прамысловасці і сельскай гаспадарцы.

|| наз. хіміза́цыя, -і, ж.