Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

не́людзень, -дня, мн. -дні, -дняў, м. (разм.).

Тое, што і нелюдзь (у 1 знач.).

нелюдзі́м, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Нелюдзімы чалавек.

2. мн. Вылюдкі, ворагі, звяры.

|| ж. нелюдзі́мка, -і, ДМ -мцы, мн. -і, -мак (да 1 знач.).

нелюдзі́мы, -ая, -ае.

1. Пануры, дзіклівы, які пазбягае людзей, аддае перавагу адзіноце.

Н. чалавек.

2. Бязлюдны, пустынны.

Н. лес.

|| наз. нелюдзі́масць, -і, ж.

не́людзь, -я, мн. -і, -яў, м.

1. Нелюдзімы, пануры чалавек.

2. пераважна мн. Вылюдкі, перараджэнцы, звяры.

Няўжо мы нелюдзі нейкія?

не́ма, прысл.

1. Дзіка, роспачна (крычаць, галасіць, раўці і пад.).

2. Моўчкі, без слоў.

Цётка н. енчыла.

немаве́дама, прысл. (у спалучэнні са словамі «што», «як», «адкуль», «куды» і пад.).

Невядома, незразумела.

Заехаць н. куды.

немагчы́ма, безас., у знач. вык.

Няма магчымасці, нельга.

Н. ўбачыць зацьменне.

немагчы́мы, -ая, -ае.

1. Неажыццявімы, невыканальны.

Няма нічога немагчымага (наз.).

2. перан. Такі, што нельга выцерпець, вынесці; нясцерпны.

Немагчымая духата.

|| наз. немагчы́масць, -і, ж. (да 1 знач.).

немажлі́вы, -ая, -ае.

Тое, што і немагчымы (у 1 знач.).

|| наз. немажлі́васць, -і, ж.

немалава́жны, -ая, -ае.

Даволі важны, істотны.

Немалаважныя падзеі.

|| наз. немалава́жнасць, -і, ж.