Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

кішэ́ннік, -а, мн. -і, -аў, м. (разм.).

Кішэнны злодзей.

Нечакана злавілі кішэнніка.

кішэ́нь і кішэ́ня, -і, мн. -і, -ей і -яў, ж.

1. Частка адзення (штаноў, паліто, пінжака) у форме прышытага або ўшытага мяшочка для дробных рэчаў.

Сукенка з кішэнямі.

Ушыць кішэні.

2. Асобнае аддзяленне ў партфелі, чамадане і пад.

К. у гаспадарчай сумцы.

3. Паглыбленне, выемка (спец.).

К. тоўстай кішкі.

Біць па кішэні — уводзіць у выдаткі.

За словам у кішэнь не лазіць — быць знаходлівым, дасціпным у размовах.

Класці сабе ў кішэнь — прысвойваць чужыя грошы.

Набіць кішэнь — нажыцца.

Не па кішэні каму — надта дорага.

Пустыя кішэні ў каго — няма грошай.

|| памянш. кішэ́нька, -і, ДМ -ньцы, мн. -і, -нек (да 1 і 2 знач.).

|| прым. кішэ́нны, -ая, -ае.

Кішэнныя грошы.

Кішэнныя расходы.

К. злодзей.

кішэ́ць, 1 і 2 ас. не ўжыв., -шы́ць, незак.

1. Мітусліва рухацца ў розных напрамках (пра вялікую колькасць каго-н.).

Мільёны пчол кішаць на канюшыне.

2. кім. Быць перапоўненым мноствам жывых рухавых істот.

Базарная плошча кішэла народам.

кішэ́чнік, -а, мн. -і, -аў, м.

Частка стрававальнай сістэмы чалавека і жывёл, якая пачынаецца за страўнікам і заканчваецца прамой кішкай; сукупнасць кішак.

кіяскёр, -а, мн. -ы, -аў, м.

Прадавец у кіёску.

|| ж. кіяскёрка, -і, ДМ -рцы, мн. -і, -рак (разм.).

клаа́ка, -і, ДМ клаа́цы, мн. -і, клаа́к, ж.

1. Падземны канал для сцёку нечыстот.

2. перан. Пра амаральнае, разбэшчанае асяроддзе (кніжн.).

3. Вывадная адтуліна, агульная для кішэчніка і мочапалавых органаў (у земнаводных, паўзуноў, птушак, некаторых рыб і аднапраходных млекакормячых; спец.).

|| прым. клаака́льны, -ая, -ае (да 3 знач.) і клаа́чны, -ая, -ае (да 1 знач.).

клабу́к, -а́, мн. -і́, -о́ў, м.

Высокі галаўны ўбор з пакрывалам, які носяць праваслаўныя манахі.

клавесі́н, -а, мн. -ы, -аў, м.

Даўнейшы клавішна-струнны шчыпковы музычны інструмент, папярэднік фартэпіяна.

|| прым. клавесі́нны, -ая, -ае.

клавіко́рды, -аў.

Даўнейшы клавішна-струнны ўдарны музычны інструмент.

|| прым. клавіко́рдны, -ая, -ае.

кла́віш, -а, мн. -ы, -аў, м. і кла́віша, -ы, мн. -ы, -віш, ж.

1. Пласцінка ў музычным інструменце (фартэпіяна, баяне і інш.), якую націскаюць пальцам для атрымання гуку.

Клавішы раяля.

2. Наканечнік рычажка ў розных механізмах, які прыводзіцца ў рух пальцамі.

Клавішы камп’ютарнай клавіятуры.

|| прым. кла́вішны, -ая, -ае.

Клавішныя інструменты.