Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

кесо́н, -а, мн. -ы, -аў, м. (спец.).

Воданепранікальная камера, якую выкарыстоўваюць пры падводных будаўнічых работах.

|| прым. кесо́нны, -ая, -ае.

Кесонныя работы.

Кесонная хвароба — захворванне, якое ўзнікае пры хуткім выхадзе з асяроддзя з павышаным атмасферным ціскам у асяроддзе з больш нізкім ціскам.

ке́та, -ы, ДМ ке́це, ж.

Марская прамысловая рыба сямейства ласасёвых.

|| прым. ке́тавы, -ая, -ае.

Кетавая ікра.

кетгу́т, -у, Му́це, м. (спец.).

Ніці, якія атрымліваюць з кішак дробнай рагатай жывёлы (скарыстоўваюцца пры хірургічных аперацыях для ўнутраных швоў).

|| прым. кетгу́тны, -ая, -ае.

кетме́нь, -я, мн. -і, -яў, м.

У Сярэдняй Азіі: сельскагаспадарчая прылада тыпу матыкі для акучвання пасеваў, капання і чысткі арыкаў.

|| прым. кетме́нны, -ая, -ае.

кефа́ль, -і, мн. -і, -ей, ж.

Марская прамысловая рыба з падоўжаным і сплюснутым з бакоў целам.

|| прым. кефа́левы, -ая, -ае і кефа́льны, -ая, -ае.

кефі́р, -у, м.

Густы кісламалочны напітак, які вырабляюць з каровінага малака, заквашанага на спецыяльных грыбках.

|| прым. кефі́рны, -ая, -ае.

Кефірныя грыбкі.

ке́шкацца, -аюся, -аешся, -аецца; незак. (разм.).

Доўга і марудна рабіць што-н.; корпацца.

Прыйшлося доўга к. з машынай.

|| наз. ке́шканне, -я, н.

кіберне́тык, -а, мн. -і, -аў, м.

Спецыяліст па кібернетыцы.

кіберне́тыка, -і, ДМ -тыцы, ж.

Навука аб агульных заканамернасцях працэсаў кіравання і перадачы інфармацыі ў машынах, жывых арганізмах і грамадстве.

|| прым. кібернеты́чны, -ая, -ае.

кібі́тка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.

1. Крытая дарожная павозка ў качэўнікаў.

2. Пераноснае жыллё ў качэўнікаў; юрта.

|| прым. кібі́тачны, -ая, -ае.