Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

вы́марыць, -ру, -рыш, -рыць; -аны; зак., каго (што).

Знішчыць атрутай і пад.

В. прусакоў.

вы́масціць гл. масціць.

вы́матацца, -аюся, -аешся, -аецца; зак. (разм.).

Знясіліцца, змардавацца.

Выматаўся за дзень ушчэнт.

|| незак. вымо́твацца, -аюся, -аешся, -аецца.

вы́матаць, -аю, -аеш, -ае; -аны; зак. (разм.).

1. каго-што. Знясіліць, змардаваць, змучыць.

В. усе сілы.

Дарога мяне выматала.

В. душу.

2. што. Прымусіць паступова выдаткаваць; выцягнуць, забраць па частках усё.

В. усе грошы.

|| незак. вымо́тваць, -аю, -аеш, -ае.

вымаўле́нне, -я, н.

Перадача голасам гукаў мовы.

Выразнае в.

Беларускае літаратурнае в.

вымаўле́нчы, -ая, -ае.

Які мае адносіны да вымаўлення.

Вымаўленчыя нормы.

вымаўля́ць гл. вымавіць.

вы́махаць, -аю, -аеш, -ае; зак. (разм.).

Вырасці, стаць высокім.

Ну і вымахаў жа хлопец!

|| незак. выма́хваць, -аю, -аеш, -ае.

выма́хваць, -аю, -аеш, -ае; незак. (разм.).

1. гл. вымахаць.

2. чым. Махаць то ў адзін, то ў другі бок; размахваць.

В. рукой у паветры.

выма́ць гл. выняць.