Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

навако́лле, -я, н.

1. Мясцовасць, якая прылягае, прымыкае да чаго-н.

Н. горада.

Вада затапіла ўсё н.

2. перан. Акружаючае асяроддзе.

Літаратурнае н.

навако́льны, -ая, -ае.

1. Які знаходзіцца або жыве ў наваколлі; адбываецца навокал каго-, чаго-н.

Навакольная мясцовасць.

Навакольныя людзі.

Навакольныя гукі.

2. у знач. наз. навако́льнае, -ага, н. Тое, што знаходзіцца навокал каго-, чаго-н.

Любавацца навакольным.

3. у знач. наз. навако́льныя, -ых. Людзі, якія акружаюць каго-н.

Абыякавы да навакольных.

наваксава́ць гл. ваксаваць.

наваксо́ўваць, -аю, -аеш, -ае; незак., што.

Тое, што і ваксаваць.

нава́л, -у, м.

1. гл. наваліць¹.

2. Куча чаго-н. наваленага.

Ліквідаваць н. трэсак.

3. Дакрананне корпусам да борта іншага судна або прычала ў выніку няўдалага манеўру (спец.).

нава́ла, -ы, ж.

1. Нашэсце ворага.

Адолець навалу.

Фашысцкая н.

2. Бяда, няшчасце.

Страшэнная н.

3. Вялікая колькасць каго-, чаго-н.

Н. работы.

4. перан. Нешта цяжкае, непрыемнае, што навісае над чалавекам.

Н. безвыходнасці.

нава́лам, прысл.

1. Без парадку, кучай.

Ляжаць н.

2. Натоўпам, вялікай масай (разм.).

Лезці н.

3. У вялікай колькасці (разм.).

Грыбоў — н.

на́валач, -ы, ж. (разм.).

1. Хмары, туман, смуга.

Не паспела распагодзіцца, і зноў пайшла н.

2. Той, хто прыйшоў, з’явіўся аднекуль; не тутэйшы (груб.).

Н. з усяго свету.

3. зб. Зброд, варожыя людзі (пагард.).

Фашысцкая н.

4. перан. Тое, што і напасць.

Што ж гэта за н. такая!

на́валачка гл. навалочка.

навалачы́, -лаку́, -лачэ́ш, -лачэ́; -лачо́м, -лачаце́, -лаку́ць; навало́к, -лакла́, -ло́; -лачы́; -ло́чаны; зак., чаго (разм.).

1. Прыцягнуць, прынесці за некалькі прыёмаў у значнай колькасці.

Н. галля.

2. каго. Прывесці, навесці ў вялікай колькасці куды-н. (неадабр.).

Н. незнаёмых.

3. пераважна безас. Зацягнуць, закрыць.

З захаду навалакло хмар.

|| незак. навалака́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.