Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

тэле...

Першая састаўная частка складаных слоў са знач.:

1) тэлевізійны, напр.: тэлевяшчанне, тэлеантэна, тэлевежа, тэлемастацтва, тэленарыс, тэлеперадача, тэлерэклама, тэлерэпартаж, тэлеўрок;

2) які адбываецца, рэгулюецца з далёкай адлегласці, напр.: тэлевымярэнне, тэлекіраванне, тэлеметрыя, тэлемеханіка, тэлемеханічны, тэлесігналізацыя.

тэлеаб’екты́ў, -ы́ва, мн. -ы́вы, -ы́ваў, м. (спец.).

Аб’ектыў фота- або кінаапарата для здымкі аддаленых аб’ектаў у буйным маштабе.

тэлеало́гія, -і, ж.

Рэлігійна-ідэалістычнае вучэнне, паводле якога ўсё ў свеце ажыццяўляецца ў адпаведнасці з папярэдне вызначанай Богам мэтай.

|| прым. тэлеалагі́чны, -ая, -ае.

тэлеба́чанне, -я, н.

1. Перадача і прыём на экран відарысаў рухомых і нерухомых аб’ектаў на адлегласці сродкамі электра- і радыёсувязі.

Вяшчальнае т.

Лічбавае т.

2. Галіна радыётэхнікі, якая даследуе і распрацоўвае тэхнічныя спосабы перадачы відарысаў на адлегласць.

3. Установа, якая ажыццяўляе вяшчальныя перадачы.

Супрацоўнік тэлебачання.

тэлеві́зар, -а, мн. -ы, -аў, м.

Апарат для прыёму тэлевізійных перадач і іх гукавога суправаджэння.

|| прым. тэлеві́зарны, -ая, -ае.

тэлевізі́йны, -ая, -ае.

1. Які перадаецца ці прымаецца з дапамогай тэлебачання (у 1 знач.).

Т. фільм.

Тэлевізійная перадача.

2. Прызначаны для перадачы або прыёму відарысаў з дапамогай сродкаў тэлебачання.

Тэлевізійная антэна.

тэлевяшча́нне, -я, н.

Адзін з асноўных сродкаў масавай інфармацыі: перадача паведамленняў і іншых інфармацыйных праграм па тэлебачанні.

тэлегляда́ч, -гледача́, мн. -гледачы́, -гледачо́ў, м.

Той, хто глядзіць тэлевізійныя перадачы.

|| ж. тэлегляда́чка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак.

тэлегра́ма, -ы, мн. -ы, -ра́м, ж.

Паведамленне, якое перадаецца па тэлеграфе (у 1 знач.), а таксама бланк з такім паведамленнем.

Віншавальная т.

|| прым. тэлегра́мны, -ая, -ае.

тэлегра́ф, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Від сувязі, які забяспечвае хуткую перадачу паведамленняў на далёкую адлегласць пры дапамозе электрычных або радыёсігналаў.

2. Установа, якая прымае і адпраўляе такія паведамленні, а таксама будынак, дзе знаходзіцца такая ўстанова.

Працаваць на тэлеграфе.

Пошта і т.

3. Апарат для перадачы і прыёму тэлеграм.

|| прым. тэлегра́фны, -ая, -ае.

Тэлеграфныя слупы.

Т. стыль пісьма (перан.: вельмі сціслы, лаканічны).