Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

тэкі́нцы, -аў, адз. -нец, -нца, м.

Адна з буйных племянных груп у складзе туркменскага народа.

|| ж. тэкі́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак.

|| прым. тэкі́нскі, -ая, -ае.

тэкст, -у, М -сце, мн. -ы, -аў, м.

1. Надрукаванае ці напісанае звязанае маўленне, якое можна ўзнавіць.

Т. апавядання.

2. Асноўны матэрыял якога-н. твора, дакумента і пад. ў адрозненне ад заўваг, каментарыяў ілюстрацый да яго.

Зноскі занялі больш месца, чым сам т.

3. Словы, на якія напісана музыка.

Т. песні.

4. Шрыфт буйнога памеру — каля 8 мм (спец.).

|| прым. тэ́кставы, -ая, -ае.

тэкстало́гія, -і, ж.

Галіна філалогіі, якая займаецца вывучэннем, праверкай і навуковым выданнем тэкстаў літаратурных і іншых твораў.

|| прым. тэксталагі́чны, -ая, -ае.

тэксто́лаг, -а, мн. -і, -аў, м.

Спецыяліст у галіне тэксталогіі.

тэксто́ўка, -і, ДМ -о́ўцы, мн. -і, -то́вак, ж. (разм.).

Кароткі тлумачальны подпіс пад малюнкам, здымкам, карыкатурай.

Ён умеў пісаць з’едлівыя тэкстоўкі.

тэкстуа́льны, -ая, -ае.

Які дакладна, літаральна перадае тэкст, даслоўны.

Тэкстуальнае супадзенне.

|| наз. тэкстуа́льнасць, -і, ж.

тэксту́ра, -ы, ж. (спец.).

Асаблівасці будовы цвёрдага рэчыва, абумоўленыя характарам размяшчэння яго састаўных частак (крышталёў, зерняў, слаёў і пад.).

Т. горных парод.

тэксты́ль, -ю, м., зб.

Агульная назва ткацкіх вырабаў з натуральных і штучных валокнаў, а таксама пража і сыравіна для іх.

|| прым. тэксты́льны, -ая, -ае.

Тэкстыльная прамысловасць.

тэксты́льшчык, -а, мн. -і, -аў, м.

Работнік тэкстыльнай прамысловасці.

|| ж. тэксты́льшчыца, -ы, мн. -ы, -чыц.

тэкто́ніка, -і, ДМ -ніцы, ж. (спец.).

1. Раздзел геалогіі, які вывучае структуру зямной кары, яе рух і дэфармацыі.

2. У архітэктуры: тое, што і архітэктоніка.

|| прым. тэктані́чны, -ая, -ае.