Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

агенту́ра

(ням. Agentur, ад лац. agens, -ntis = які дзейнічае)

1) сукупнасць агентаў якой-н. установы, прадпрыемства або арганізацыі;

2) сетка агентаў, якая ствараецца разведвальнай службай для збірання сакрэтных звестак і правядзення падрыўной работы.

аге́нцтва

(ад ням. Agent < лац. agens, -ntis = які дзейнічае)

1) прадстаўніцтва, аддзяленне якой-н. установы ці прадпрыемства (напр. транспартнае а.);

2) установа інфармацыйнага, пасрэдніцкага характару (напр. а. «Інтэрфакс»).

агіта́цыя

(ням. Agitation, ад лац. agitatio = прывядзенне ў рух)

1) палітычная дзейнасць, звязаная з уздзеяннем на свядомасць і настрой мас шляхам распаўсюджання (вусна і праз друк) праграмных ідэй, лозунгаў;

2) перан. пераконванне ў чым-н., угаворванне з мэтай схіліць да чаго-н.

агламера́т

(лац. agglomeratus = назапашаны)

1) рыхлае скапленне абломкаў горных парод і мінералаў;

2) мет. спечаная ў кавалкі дробная або пылападобная руда;

3) гарадская структура, якая ўтварылася ў выніку зліцця некалькіх дробных населеных пунктаў.

агламера́цыя

(лац. agglomeratio = злучэнне)

1) мет. атрыманне вялікіх кавалкаў з рыхлых дробных руд, пылападобных матэрыялаў шляхам спякання;

2) утварэнне скапленняў мікраарганізмаў у вадкасці;

3) зліццё гарадоў і іншых населеных пунктаў у адно гарадское пасяленне.

агнастыцы́зм

(англ. agnosticism, ад гр. agnostos = непазнавальны)

філасофскае вучэнне, якое адмаўляе магчымасць пазнання аб’ектыўнага свету і яго заканамернасцей (параўн. скептыцызм 1).

агно́зія

(гр. agnosia = няведанне)

мед. парушэнне працэсаў распазнавання прадметаў, з’яў у выніку паражэння кары галаўнога мозгу.

агно́стык

(англ. agnostic, ад гр. agnostos = непазнавальны)

паслядоўнік агнастыцызму.

аго́нія

(с.-лац. agonia, ад гр. agonia = трывога)

1) перадсмяротны стан арганізма; перадсмяротныя мукі;

2) перан. заняпад, дажыванне чаго-н. (напр. а. злачыннай дыктатуры).

аграбі́знес

(ад лац. ager = поле + англ. business = бізнес)

сектар рыначнай эканомікі, звязаны з працэсамі сельскагаспадарчай вытворчасці, захоўвання, размеркавання і апрацоўкі яе прадуктаў.