Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

астро́лаг

(лац. astrologus, ад гр. astron = зорка + logos = вучэнне)

той, хто займаецца астралогіяй, варожыць па зорках.

астэахандро́з

(ад гр. osteon = косць + chondros = храсток)

хвароба падхрастковага аддзела доўгіх трубчастых касцей шкілета; характарызуецца болямі, абмежаваннем рухаў у суставах.

астэні́я

(гр. astheneia = слабасць)

мед. стан агульнай слабасці арганізма; бяссілле.

астэро́ід

(гр. asteroeides = зоркападобны)

адна з малых планет, якія кружаць вакол Сонца, галоўным чынам паміж арбітамі Марса і Юпітэра.

атаві́зм

(фр. atavisme, ад лац. atavus = продак)

1) з’яўленне ў асобных арганізмаў прымет, уласцівых іх далёкім продкам, напр. развіццё ў чалавека хваставога прыдатка;

2) перан. перажытак наогул, вяртанне да чаго-н. крайне ўстарэлага.

атані́я

(гр. atonia = расслабленасць, вяласць)

аслабленне пругкасці і эластычнасці тканак арганізма, вяласць мускулаў.

аташэ́

(фр. attaché)

спецыяліст-кансультант у якой-н. галіне пры пасольстве (напр. ваенны а., гандлёвы а.).

атле́тыка

(гр. athletike (techne) = спартыўнае (майстэрства))

сістэма спартыўных практыкаванняў, якія развіваюць сілу, спрыт, вынослівасць;

лёгкая а. — бег, хадзьба, скачкі, кіданне кап’я, дыска, штурханне ядра і інш.;

цяжкая а. — бокс, барацьба, падняцце штангі.

атмасфе́ра

(ад гр. atmos = дыханне + sphaire = сфера, шар)

1) газападобная абалонка вакол Зямлі і некаторых іншых планет;

2) перан. настрой і ўзаемаадносіны ў калектыве (напр. таварыская а.);

3) фіз. адзінка вымярэння ціску газаў (напр. ціск у пяць атмасфер).

атракцыён

(фр. attraction)

1) эфектны цыркавы або эстрадны нумар;

2) устройства для забаў у месцах масавых гулянняў (карусель, арэлі і інш.).