Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

аўтарадэ́о

(англ. autorodeo, ад гр. autos = сам + англ. rodeo = радэо)

тэатралізаванае відовішча, якое складаецца з трукаў, што дэманструюць магчымасці чалавека ў кіраванні аўтамабілем.

аўтара́лі

(ад гр. autos = сам + англ. raily = збор)

тое, што і ралі.

аўтаркі́я

(гр. autarkeia = самазадаволенасць)

палітыка эканамічнага адасаблення краіны або асобных рэгіёнаў ад эканомікі іншых дзяржаў ці астатніх рэгіёнаў з мэтай стварэння замкнутай гаспадаркі.

аўтарыза́цыя

(фр. autorisation = дазвол)

1) выражэнне аўтарам згоды на пераклад, інсцэніроўку ці экранізацыю свайго твора;

2) выдача дазволу, ліцэнзіі;

3) зацвярджэнне асігнаванняў, інвестыцый.

аўтарыта́рны

(фр. autoritaire = уладны, ад лац. auctoritas = улада, уплыў)

1) заснаваны на безагаворачным падпарадкаванні ўладзе, дыктатуры (напр. а. рэжым);

2) які імкнецца навязаць свой аўтарытэт.

аўтарытары́зм

(фр. autoritarisme, ад лац. auctoritas = улада, уплыў)

сістэма кіравання, якая заснавана на неабмежаванай асабістай уладзе і абапіраецца на дыктатарскі рэжым (проціл. дэмакратыя 1).

аўтарытэ́т

(ням. Autorität, ад лац. auctoritas = уплыў, значнасць)

1) агульнапрызнанае значэнне, уплыў, якімі карыстаецца якая-н. асоба дзякуючы плённай дзейнасці ў пэўнай галіне (у навуцы, мастацтве, палітыцы і г. д.);

2) асоба, якая карыстаецца ўсеагульнай павагай, прызнаннем, мае ўплыў.

аўтарэфера́т

(ням. Autoreferat, ад Autor = аўтар + Referat = рэферат)

кароткі выклад аўтарам сваёй навуковай працы (напр. а. дысертацыі).

аўтастра́да

(іт. autostrada, ад auto = аўтамабіль + strada = дарога)

дарога для аўтамабільнага руху без папярочных наземных пераездаў.

аўтасэ́рвіс

(ад гр. autos = сам + англ. service = служба, паслуга, дапамога)

тэхнічнае абслугоўванне аўтамабіляў індывідуальнага карыстання.