алахто́ны
(ад гр. allos = іншы + chthon = зямля)
жывёлы або расліны, якія насяляюць пэўную мясцовасць, але ўзніклі ў працэсе эвалюцыі ў іншым месцы (параўн. аўтахтоны 1).
алгары́тм
(с.-лац. algorithmus, ад ар. al-Chwârizmi = імя матэматыка)
1) мат. сукупнасць правіл, якія дазваляюць чыста механічна рашыць любую задачу з класа аднатыповых задач;
2) перан. сукупнасць паслядоўных дзеянняў, якія прыводзяць да пэўнага выніку (напр. а. пошуку).
Алго́л
[англ. algol, ад algo(rithmic) l(anguage) = алгарытмічная мова]
інф. адна з моў праграміравання.
алеато́рны
(ад лац. aleator = гулец у косці)
рызыкоўны, звязаны са здзелкамі, біржавымі аперацыямі, латарэямі.
алего́рыя
(гр. allegoria)
1) іншасказанне (напр. гаварыць алегорыямі);
2) выражэнне адцягненага паняцця пры дапамозе канкрэтнага вобраза ў творы літаратуры ці мастацтва (напр. вясна — маладая жанчына з кветкамі, правасуддзе — жанчына з вагамі).
алексі́я
(н.-лац. alexia, ад гр. а- = не + leksis = слова)
мед. страта здольнасці чытаць з прычыны ачаговага паражэння галаўнога мозгу; часта спалучаецца з аграфіяй і афазіяй.
алергі́я
(н.-лац. allergia, ад гр. allos = іншы + ergon = дзеянне)
1) ненармальная, хваравітая рэакцыя арганізма (насмарк, кашаль, астма і інш.) на некаторыя рэчывы;
2) перан. адмоўныя адносіны, нецярпімасць да каго-н., чаго-н. (напр. а. да палітыкі).
але́я
(фр. allée)
дарога ў парках, садах, абсаджаная з абодвух бакоў дрэвамі, кустамі, кветкамі.
а́лібі
(лац. alibi = у іншым месцы)
юр. доказ невінаватасці абвінавачанага, заснаваны на тым, што ён у момант, калі адбывалася злачынства, знаходзіўся ў іншым месцы.
алігакра́тыя
(ад гр. oligos = нешматлікі, нязначны + kratos = улада)
улада невялікай групы людзей.