хамамі́ла
(н.-лац. chamomilla)
травяністая расліна сям. складанакветных з перыстым лісцем і белымі або жоўтымі кветкамі ў кветкавых кошыках, пашыраная ў Еўразіі і Афрыцы; расце каля жылля, у пасевах, абапал дарог, лекавая.
хама́рбія
(н.-лац. hammarbya)
травяністая расліна сям. ятрышнікавых з дробнымі жаўтавата-зялёнымі кветкамі ў гронках, пашыраная ва ўмерана халодных зонах; на Беларусі трапляецца рэдка на тарфяных балотах.
хамелео́н
(лац. chamaeleon, ад гр. chamaileon)
1) паўзун атрада яшчарак, здольны мяняць афарбоўку скуры пры раздражненні, перамене колеру навакольнага асяроддзя і г. д.;
2) перан. чалавек, які лёгка мяняе свае погляды ў залежнасці ад абставін.
хамеро́пс
(н.-лац. chamaerops, ад гр. chamai = на зямлі + rops = куст)
пальма з веерападобным лісцем, пашыраная ў Зах. Міжземнамор’і; дае валакно, з якога вырабляюць канаты, вяроўкі; вырошчваецца як дэкаратыўная ў Крыме, на Каўказе.
хамесіфо́н
(н.-лац. chamaesiphon)
аднаклетачная сіне-зялёная водарасць сям. хамесіфонавых, якая пашырана пераважна ў стаячых і праточных прэсных водах, бедных пажыўнымі рэчывамі.
хамефі́ты
(ад гр. chamai = на зямлі + -фіты)
расліны, пупышкі ўзнаўлення якіх размешчаны каля паверхні глебы і часта зімуюць пад снегам; характэрны для халоднага клімату (напр. брусніцы, чарніцы, чабор звычайны, барвенак малы).
хамсі́н
(ар. chamsm)
сухі, гарачы паўднёвы вецер на паўночным усходзе Афрыкі, які прыносіць многа пяску і пылу.