Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уні-

(лац. unus, uni = адзін)

першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «адзін».

унівале́нты

(ад уні- + лац. valens, -ntis = моцны)

адзінкавыя, няспараныя храмасомы ў першым дзяленні меёзу.

універбіза́цыя

(польск. uniwerbizacja, ад лац. unus = адзін + verbum = слова)

лінгв. утварэнне аднаго слова са словазлучэння, увядзенне аднаслоўнай назвы (неалагізма) замест двухслоўнай (напр. «абісаль» замест «абісальная зона»).

універса́л1

(лац. universalis = усеагульны)

1) чалавек, які валодае разнастайнымі спецыяльнасцямі ў межах сваёй прафесіі;

2) астранамічны або геадэзічны інструмент для вымярэння гарызантальных і вертыкальных вуглоў;

3) закрыты кузаў легкавога аўтамабіля з двума або трыма радамі сядзенняў, з трыма або пяццю дзверцамі і багажным ад дзяленнем, размешчаным унутры пасажырскага салона.

універса́л2

(польск. universał, ад лац. universalis = усеагульны)

распарадчы акт адміністрацыйна-палітычнага характару, які выдавалі каралі ў 17—18 ст. у Польшчы і Вялікім княстве Літоўскім.

універсалі́зм

(ад універсальны)

валоданне разнастайнымі ведамі, звесткамі, навыкамі.

універса́ліі

(ад лац. universalis = усеагульны)

1) філасофскі тэрмін перыяду сярэдневякоўя, які ўжывалі для абазначэння агульных паняццяў у адрозненне ад адзінкавых;

2) лінгв. з’явы, уласцівыя ўсім ці многім мовам.

універса́льны

(лац. universalis)

1) рознабаковы, усеабдымны (напр. у-ыя здольнасці, у. спецыяліст);

2) прыгодны для многіх мэт, з разнастайным прызначэннем (напр. у. станок).

універсітэ́т

(ням. Universität, ад лац universitas, -atis = сукупнасць)

1) вышэйшая навучальная ўстанова з рознымі факультэтамі, дзе рыхтуюцца спецыялісты па многіх галінах ведаў і вядзецца навукова-даследчая работа;

2) навучальная ўстанова па павышэнню грамадска-палітычных і агульнаадукацыйных ведаў.

універсія́да

[ад універсі(тэт) + (алімп)іяда]

міжнародныя комплексныя спартыўныя спаборніцтвы студэнцкай моладзі.