Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ула́н

(польск. ułan, ад тур. ohlan = хлопец, слуга)

салдат лёгкай кавалерыі ў арміях Польшчы (18 — пач. 20 ст.), Расіі (1803—1917) і некаторых іншых еўрапейскіх краін.

уле́мы

(ар. ulama = вучоны)

мусульманскія багасловы і правазнаўцы ў краінах, дзе распаўсюджаны іслам.

уло́та

(н.-лац. ulota)

лістасцябловы мох сям. артатрыхавых, які пасяляецца пераважна на ствалах дрэў.

уло́трыкс

(н.-лац. ulothrix)

ніткаватая зялёная водарасць сям. улотрыксавых, якая пашырана ў прэсных, марскіх і саланаватых вадаёмах, трапляецца ў глебе.

улу́с

(цюрк. ulus = народ)

1) пасяленне, стойбішча ў народаў Цэнтр. і Сярэд. Азіі, Сібіры;

2) адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Якуціі ў 18 — пач. 19 ст., што адпавядала раёну.

у́льва

(н.-лац. ulva)

зялёная водарасць сям. улотрыксавых; служыць кормам для многіх насельнікаў мора; марская салата.

у́льтра

(фр. ultra = крайні рэакцыянер, ад лац. ultra = больш, звыш)

прыхільнік, дзеяч найбольш рэакцыйных, крайне правых груповак фашысцкага тыпу ў некаторых краінах.

ультра-

(лац. ultra = больш, звыш)

першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае «звыш, больш за», «крайні», «найвышэйшы», «які знаходзіцца за межамі чаго-н.».

ультраабіса́ль

(ад ультра- + абісаль)

зона найбольшых марскіх глыбінь (больш за 6 км).

ультрааку́стыка

(ад ультра- + акустыка)

раздзел акустыкі, які вывучае ультрагукавыя ваганні.