Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

турбеля́рыі

(с.-лац. turbellaria)

клас плоскіх чарвей; арганізмы з двухбакова-сіметрычным целам даўжынёй 0,1 мм — 35 см, укрытым раснічкамі; жывуць у морах і прэсных вадаёмах, вільготнай глебе, некаторыя — паразіты ігласкурых, малюскаў, ракападобных; раснічныя чэрві.

турбідыме́трыя

(ад лац. turbidus = мутны + -метрыя)

метад колькаснага аналізу ў хіміі, заснаваны на вымярэнні інтэнсіўнасці святла, якое аслаблена каламутным асяроддзем.

турбі́на

(фр. turbine)

рухавік, у якім энергія пары, газу або цячэння вады пераўтвараецца ў механічную работу.

турбо́

(фр. turbot)

донная драпежная рыба сям. камбалавых, якая пашырана ў Міжземным моры і ў Атлантычным акіяне.

турбуле́нтны

(лац. turbulentus = бязладны, хаатычны)

хаатычны, віхравы;

т. рух вадкасці (газу) — рух, пры якім адбываецца моцнае перамешванне вадкасці (газу); параўн. ламінарны.

турбуле́нцыя

(лац. turbulentia = неспакой, віраванне)

віхравы, беспарадкавы рух часцінак вадкасці або газу.

ту́ргар

(п.-лац. turgor, ад turgere = набракнуць, напоўніцца)

стан напружання клетачнай абалонкі ў раслін, выкліканы ціскам яе змесціва.

турма́

(ням. Turm)

1) месца зняволення, будынак, дзе ўтрымліваюцца асобы, што знаходзяцца пад следствам або прыгавораны судом да пазбаўлення волі;

2) перан. месца, дзе жывуць пад прыгнётам.

турмалі́н

(фр. tourmaline, ад сінгал. toramalli)

мінерал класа сілікатаў чорнага, бурага, ружовага, зялёнага і іншых колераў, які выкарыстоўваецца ў оптыцы, радыётэхніцы і ювелірнай справе.

турнадо́зер

(ад англ. turn = змяненне напрамку + dozer = бульдозер)

машына для перасоўвання рэйкавых пуцей і лентачных канвеераў, якая выкарыстоўваецца ў кар’ерах.