Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ды́зель-генера́тар

(ад дызель + генератар)

электрычны генератар, які прыводзіцца ў рух дызелем.

ды́зель-ка́пар

(ад дызель + капар)

канструкцыя для забівання паляў, якая прыводзіцца ў рух дызелем.

ды́зель-мато́р

(ад дызель + матор)

матор дызельнага тыпу.

дызентэры́я

(ням. Dysenterie, ад гр. dysenteria)

вострае інфекцыйнае захворванне кішэчніка; крывавы панос.

дызле́птыкі

(ад дыз- + гр. leptos = лёгкі)

тое, што і галюцынагены.

дызо́смія

(ад дыз- + гр. osme = пах, нюх)

парушэнне пачуцця нюху.

дызрупты́ўны

(лац. disruptus = разарваны);

д. адбор — адна з форм штучнага адбору, пры якім унутры папуляцыі ўзнікае полімарфізм, г.зн. некалькі форм, кожная з якіх можа даць пачатак новаму віду.

дызуры́я

(гр. dysuria, ад dis- = раз- + uron = мача)

парушэнне мочаспускання.

дыз’юнкты́ўны

(лац. disiunctivus)

раздзяляльны;

д-ае суджэнне — лагічнае суджэнне тыпу «А ёсць або Б, або В, або Г» (параўн. катэгарычны).

дыз’ю́нкцыя

(лац. disiunctio)

лагічная аперацыя, якая ўтварае складанае выказванне шляхам аб’яднання двух выказванняў пры дапамозе лагічнага злучніка «або».