Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цыклі́чны

(ад цыкл)

1) які складае цыкл, адбываецца па цыклах;

2) які мае кальцавую будову, структуру;

ц-ыя злучэнні — арганічныя злучэнні (аліцыклічныя, араматычныя, гетэрацыклічныя), у якіх атамы звязаны ў цыкл (проціл. ацыклічны).

цыкло́за

(н.-лац. cyclosa)

павук-крыжавік, які жыве ў лясах, лоўчыя сеткі нацягвае паміж ніжнімі галінкамі дрэў.

цыкло́іда

(гр. kykloeides = кругападобны)

мат. крывая лінія, што апісваецца пэўным пунктам круга, які коціцца без слізгання па нерухомай прамой лініі.

цыкло́н

(гр. kyklon = які верціцца)

1) буйнамаштабны атмасферны віхор з паніжэннем ціску ад перыферыі да цэнтра, які суправаджаецца вялікай воблачнасцю і ападкамі (параўн. антыцыклон);

2) апарат, заснаваны на выкарыстанні сіл інерцыі, для ачысткі паветра або газу ад узважаных у іх цвёрдых часцінак.

цыклонагене́з

(ад цыклон + -генез)

працэс узнікнення і развіцця цыклонаў у атмасферы.

цыкло́п

(гр. kyklops = круглавокі)

1) волат з адным вокам пасярэдзіне лба ў старажытнагрэчаскай міфалогіі;

2) драпежны рачок падкласа весланогіх, які жыве пераважна ў прэсных вадаёмах.

цы́кля

(ад ням. Ziehklinge)

сталёвая пласціна з вострым кантам, якая прымяняецца для канчатковай даводкі і зачысткі драўляных вырабаў.

цыко́рыя

(н.-лац. cichorium, ад гр. kichorion)

1) травяністая расліна сям. складанакветных з тоўстым коранем і блакітнымі кветкавымі кошыкамі, пашыраная пераважна ў Міжземнамор’і; на Беларусі трапляецца на лугах, каля дарог; харчовая і лекавая;

2) парашок з карэння гэтай расліны, які дадаюць для смаку і паху ў каву, а таксама напітак, прыгатаваны з гэтага парашку.

цыку́та

(н.-лац. cicuta)

водна-балотная травяністая расліна сям. парасонавых з доўгачаранковым лісцем і дробнымі белымі кветкамі ў парасоніках, пашыраная пераважна ў Паўн. Амерыцы; на Беларусі трапляецца па берагах рэк і азёр, ускрайках балот, ядавітая.

цылі́ндр

(гр. kylindros)

1) геаметрычнае цела, абмежаванае цыліндрычнай паверхняй і дзвюма паралельнымі плоскасцямі, якія яе перасякаюць;

2) частка рухавіка, дзе ходзіць поршань;

3) высокі цвёрды мужчынскі капялюш з палямі.