Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

халецысты́т

(ад гр. chole = жоўць + kystis = пузыр)

запаленне жоўцевага пузыра.

халі́зм

(англ. holism, ад гр. holos = цэлы, увесь)

кірунак сучаснай ідэалістычнай філасофіі, які разглядае цэласнасць свету як вынік творчай актыўнасці нейкага містычнага поля цэласнасці.

халікатэ́рыі

(ад гр. chaliks, -ikos = галька + therion = звер)

група млекакормячых, якія знешне нагадвалі коней, але з больш доўгімі пярэднімі нагамі і кіпцюрамі замест капытоў; жылі ў палеагене.

халі́н

(ад гр. chole = жоўць)

біяарганічнае злучэнне, якое ўваходзіць у склад лецыцінаў, што належаць да фасфатыдаў; змяшчаецца ў раслінах і жывёлах, у арганізме неабходна для нармальнага абмену тлушчаў.

халінергі́чны

[ад (ацэтыл)халін + гр. ergon = дзеянне]

які ўзбуджаецца ацэтылхалінам, чуллівы да ацэтылхаліну (параўн. адрэнергічны).

халі́ф

(ар. chalïfa = спадчыннік, наступнік)

тытул вярхоўнага правіцеля ў шэрагу краін мусульманскага Усходу, які аб’ядноўваў у сваіх руках духоўную і свецкую ўладу.

халіфа́т

(ад халіф)

1) сістэма мусульманскага феадальнага кіравання, пры якой халіф спалучаў свецкую ўладу з духоўнай;

2) феадальная дзяржава, створаная ў выніку арабскага заваявання, якую ўзначальваў халіф.

халія́мб

(гр. choliambos = кульгавы ямб)

шасцістопны ямб з харэічным перабоем на апошняй стапе, характэрны для антычнай камічнай і трагікамічнай паэзіі.

ха́лі-га́лі

(англ. hully-gully)

групавы амерыканскі бальны танец, які мае шматлікія варыянты кампазіцый, а таксама музыка да гэтага танца.

халкалі́т

(ад гр. chalkos = медзь + -літ)

тое, што і энеаліт.