Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

табу́

(палінез. tabu)

1) рэлігійная забарона ў першабытных народаў на якое-н. дзеянне, прадмет, за парушэнне якой вінаваты нібыта караецца звышнатуральнымі сіламі;

2) перан. наогул, што-н. забароненае;

3) забарона на ўжыванне пэўных слоў, абумоўленая гістарычнымі, сацыяльна-палітычнымі, культурнымі, этычнымі фактарамі.

табулату́ра

(с.-лац. tabulatura, ад лац. tabula = дошка, табліца)

1) літарная і лічбавая сістэма запісу музыкі ў еўрапейскіх краінах у 14—18 ст.;

2) правілы, якія рэгламентавалі форму і змест музычна-паэтычнага мастацтва мейстэрзінгераў.

табулягра́ма

(ад лац. tabula = дошка, табліца + -грама)

папяровая стужка з літарным або лічбавым тэкстам, надрукаваным на табулятары.

табуля́тар

(ад лац. tabula = дошка, табліца)

1) вылічальная машына для аўтаматычнай апрацоўкі інфармацыі;

2) прыстасаванне ў пішучых машынках для друкавання табліц.

табуля́ты

(н.-лац. tabulata, ад лац. tabula = дошка, табліца)

падклас вымерлых каралавых паліпаў, жылі ў кембрыі — пермі (гл. палеазой).

табу́н​1

(кр.-тат., тур. tabun)

статак коней, а таксама аленяў або некаторых іншых капытных жывёл.

табу́н​2

(англ. tabun)

атрутнае рэчыва, бясколерная вадкасць, што паражае цэнтральную нервовую сістэму.

табурэ́т

(фр. tabouret)

род мэблі для сядзення, звычайна квадратнай формы без спінкі.

таве́рна

(іт. taverna)

невялікі шынок, карчма ў Італіі, Швейцарыі і некаторых іншых краінах.

таге́тэс

(н.-лац. tagetes)

травяністая расліна сям. складанакветных з жоўтымі, жоўта-аранжавымі або карычнева-чорнымі кветкамі ў кошыках, з моцным пахам, пашыраная ў субтропіках Амерыкі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная; аксаміткі.