Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ла́цы

(іт. lazzi, ад lazzo = жарт)

буфонныя трукі, камічныя нумары (музычныя, акрабатычныя, танцавальныя, славесныя), уключаныя ў асноўнае дзеянне камедыі масак.

лашт

(ст.-польск. łaszt, ад с.-в.-ням. last = груз)

адзінка масы ў сістэме мер Вялікага княства Літоўскага (120 пудоў); выкарыстоўвалася пры меранні сыпкіх рэчываў (збожжа, солі і інш.).

лаялі́сты

(англ. loyalists)

прыхільнікі метраполіі ў час вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы ў 1775—1783 гг.

лая́льны

(фр. loyal = літар. верны)

1) які трымаецца ў межах закону, часам толькі знешне;

2) які карэктна адносіцца да каго-н., чаго-н.

Леані́ды

(ад лац. leo, -onis = леў)

паток метэораў, радыянт якога знаходзіцца ў сузор’і Льва.

леапа́рд

(лац. leopardus, ад гр. leopardos)

буйны драпежнік сям. кашэчых з плямістай поўсцю, які водзіцца ў Афрыцы і Паўд. Азіі.

леваміцэці́н

(ад лац. laevus = левы + гр. mykes, -etos = грыб)

лекавы прэпарат, антыбіётык, які прымяняюць пры брушным тыфе, дызентэрыі і іншых хваробах.

лева́нт

(іт. Levante = Усход)

1) уст. агульная назва краін, размешчаных на ўсх. узбярэжжы Міжземнага мора;

2) усходні вецер на Міжземным, Чорным і Азоўскім морах.

леванці́н

(фр. levantine)

шаўковая тканіна з косым перапляценнем, з якой шыюць блузкі, робяць падкладкі і інш.

левары́н

(ад лац. levor, -oris = роўнасць, гладкасць)

лекавы прэпарат, антыбіётык, які прымяняюць пры кандыдамікозах.