Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Асмалі́ць ’абпаліць’ (Яруш.). Пачаткова ’пакрыць смалой’, а потым, у сувязі з тым што пры гэтым дрэва часта трымаюць на адкрытым агні, пераносна на іншыя прадметы — напр. парсюка ці гусь. Пераход вядомы і ў іншых славянскіх мовах. Адсюль: асма́лак ’галавешка’, асмалёнкі ’бульба з прыгаркай’ (Сцяц.); асмалёнак ’пра смуглага чорнавалосага чалавека’ (Сцяц.) адлюстроўвае яшчэ сувязь з чорным колерам смалы і абсмаленых прадметаў. Магчыма, што ва ўзнікненні слоў асмалёнкі і асмалёнак ёсць сувязь з коранем смаг‑ (параўн. смажыць), а сувязь з смала — вынік пазнейшай народнай этымалогіі.

Асмё́так ’атопак; бясформенны кавалак’ (Бяльк.), ’атопак’ (Пал.). Гл. ашмётак.

Асмо́л ’смалістая драўніна хвойных парод’ (БРС), ’пень, які выкопваюць для вырабу смалы’ (Інстр. III). Рус. осмол ’смалістая драўніна’, укр. дыял. осмів ’трухлявы пень’; рус. і ўкр. осмол таксама дзеянне па дзеяслову осмолить. Польск. osmoł ’жывіца, што цячэ са скалечанага месца на пню’, ’асмальванне’. Яшчэ усмал ’амярцвелая частка ствала, налітая смалой’ (Янк. I), укр. усмол ’тс’ (Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 63). Утворана, магчыма, ад дзеяслова асмаліцца ’наліцца смалой’, бо іначай прэфіксальна-бяссуфікснае ўтварэнне цяжка растлумачыць. Сюды ж памяншальнае асмолкі ’смалістыя трэскі’ (Інстр. I).

Асмо́лак ’тоўстая жэрдка, да якой прымацоўваюцца кроквы’ (Жд.). Кандэнсавана з асмоленая жэрдка, асмалены друк, шост.

Асмо́ржыны ’адыходы пры апрацоўцы льну мяліцай’ (Сцяшк.). Прэфіксальна-суфіксальнае ўтварэнне ад сморгаць ’абрываць лісты, галоўкі з ільну’ (Бяльк., Сцяшк.).

Асму́скваць, асму́зкваць ’абрываць зярняты аўса, захапіўшы паміж пальцамі адно ці колькі каліваў’ (Янк. I). Магчыма, звязана з укр. мускати ’прыгладжваць’, польск. muckać ’дакранацца, гладзіць, датыкацца’ o(b)muskać ’далікатна ацірацца’; балг. мушкам ’даторквацца, націскаць, басці, калоць’. Брукнер (348) лічыў muskać выключна польскім, Младэнаў (Годишник, XIII–XIV, 1917–1918, 91–92) узводзіў яго да і.-е. *(s)meu̯‑ ’дакрануўшыся, прывесці ў рух’ (Покарны, 743, дае без s‑), параўн. лац. movere ’рушыць’ (Вальдэ-Гофман, 2, 116), магчыма, літ. mùšti ’ўдарыць’, mušnóti ’ціха абстукаць’. Улічваючы, што націскны ы ў дадзенай беларускай гаворцы пераходзіць у у (ДАБМ, к. 39), можна дапусціць сувязь з смыкаць (гл.), але пры гэтым няясна другое ‑с‑ (‑з‑ у запісе Янкоўскага). Супрун, Веснік БДУ, 1973, 2, 66.