Асо́ба (БРС, Нас., Яруш.). Рус., укр., балг. особа, серб.-харв. о̀соба, польск., чэш., славац., славен. osoba, в.-луж., н.-луж. wosoba. У старабеларускай са значэннем ’форма, сукупнасць рыс, твар’ (Гіст. мовы, 1, 219). У ст.-рус., ст.-слав. толькі особь, ст.-рус. особѣ ’особна’. Літ. asabà ’асоба’ з польскай ці беларускай (Фрэнкель, 18). У польск. osoba з XV ст. Звычайна лічаць, што назоўнік утвораны з прыслоўнага выразу о собѣ ’особна’ (Фасмер, 3, 162). Гэта, аднак, незвычайны шлях утварэння назоўнікаў. Хутчэй трэба лічыць утвораным з вядомага ўжо ў стараславянскіх помніках дзеяслова особити (сѧ) ’жыць асобна’ як бяссуфіксны назоўнік. Рускае слова, вядомае з пачатку XVIII ст., Вінаградаў, Очерк, 32; Фасмер лічыць запазычаным з польскай, а Шанскі, КЭСРЯ, 315, — агульнаславянскім. Улічваючы час фіксацыі рускага слова (прыкладна на стагоддзе пазней, чым у заходнерускіх помніках), магчыма, трэба пагадзіцца з Вінаградавым і інш. Позняя фіксацыя і старабеларускія значэнні гавораць у карысць таго, што беларускае слова трэба лічыць запазычаным з польскай, дзе пашырана, магчыма, пад чэшскім уплывам. Дзеяслоў *osobiti ўтвораны непасрэдна ад прыслоўнага выразу *о sobě ці, хутчэй, ад праславянскага прыметніка *osobъ, што захаваўся ў выглядзе асобы, утворанага ад *о sobě; адсюль і асобны (*osobьnъ); ад асоба ’персона’ — асабовы, асабісты (магчыма, на польскай глебе).
Асо́ва ’зрух’ (Бяльк.). Ад асоўваць. Гл. соваць.
Асо́ка ’выседжванне звера’ (Інстр. III). Ад сачыць (гл.). Сюды ж асочка, асочаны.
Асо́н ’востры кій, якім падганяюць валоў’ (Кароцічы Столінск., вусн. паведамл. Г. А. Цыхуна). З остьнъ > остн > осн з «узноўленым» беглым галосным о паміж c і н. Параўн. таксама асно ’тс’ (Сержп., Земл., 61), осниско (Шн.), асновік вяроўка’ (Арх. ГУ), осён, осны (Маслен.). Гл. асцень і восці.
Асо́т ’расліна Sonchus L.’, назва дастасоўваецца і да іншых раслін (Cirsium arvense, Chondrilla junces), ацот ’тс’ (Бяльк.). Рус., укр. осот, польск., чэш. oset (чэш. дыял. таксама voset, (v)osti, vôst, octak), балг. осът, славен. osát. Да і.-е. *akʼ‑ ’востры’, прадстаўленага між іншым у грэч. ἄκανος ’чартапалох’, літ. ãšatas ’конскі волас’ (Мейе, Études, 299). Гл. востры.
Асо́харніца ’хвоя звычайная, Pinus silvestris L.’ (мін. — Кіс., 98). Няясна. Відаць, звязана з саха ў значэнні ’дрэва з сучкамі’: параўн. польск. дыял., чэш., славац., в.-луж. sochor ’шост, жэрдка’, магчыма (супраць Махэк, Slavia, 28, 1959, 274), рус. сохирь ’дрэва з развілкай’; тады сохарны такі, што мае сучкі’, назоўнік утвараецца з суфіксам ‑іца; а‑, магчыма, пратэтычнае.