Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Асца́ ’лішай’ (Бяльк., Нас., Гарэц., Др.-Падб.), ’выдзяленне сліны’ (Янк. I; Арашонкава і інш., Весці АН БССР, 1969, 4, 128); ісца́ (Нас., Бяльк.). Рус. дыял. восца́ ’моцнае імкненне да чаго-небудзь’, ’надта жвавы чалавек’, восса́, васся́, асса́, ’хвароба скуры’. Малаверагодная думка Арашонкавай і інш. пра сувязь з лац. ascit ’вадзянка’ (?); недаказана таксама іх думка пра сувязь з літ. aščiagaliai ’абсыпкі’. Фасмер (1, 358), Мяркулава (Этимология, 1970, 156–157) выказвалі думку пра этымон *osьca < *obsьca, утворанага ад дзеяслова *obsьcati. Ці сюды форма ст.-рус. вошьца ’апукліна’ (XVI ст.)? Этымалагічная сувязь з дзеясловам семантычна не беззаганная. Таму магчымы і іншыя тлумачэнні: з *ostьca (як рус. дверца, ленца) ад *ostь (гл. восці) (па свербу, выкліканаму, напрыклад, стрэмкай), ці з *osъpьca (параўн. воспа, vospica ў некаторых славянскіх мовах). Няясна. Гл. яшчэ ісца.

Асцень ’шчацінка на коласе злака’ (Нас., Серб.). Укр. остень ’восці’. Форма, утвораная ад остьньць, якое ўтвараецца з субстантываванага остьнъ ’прадмет, што мае вастрыё’ (восці, асцюкі, маладое пер’е ў птушак і г. д.). Остьнъ адлюстравалася ў форме асой (гл.) з выпадзеннем ‑т‑ паміж зычнымі і ў форме асцён ’пуга з вастрыём для падгону валоў’ (Бяльк. Арх.). Праслав. *ostьnъ адлюстравана ў старарускай, старабеларускай (у Скарыны — Булыка, Весці АН БССР, 1970, 4, 124), старапольскай, польскай, палабскай (vistʼăn), чэшскай, славацкай, славенскай, сербскахарвацкай, македонкай, балгарскай мовах. Утворана з суфіксам ‑n‑ ад *ostь (гл. восці). Ад *ostь утвораны таксама зборны назоўнік асцё (параўн. укр. дыял. остє) пры дапамозе суфікса ‑j‑e, асцюк (рус., укр. остюк) з суфіксам ‑ук, асцюлька і г. д. Ад остьнъ і остенчик ’ражон’ (Булг.).

*Асце́рбаць, остэ́рбаты ’выжыць, акрыяць’ (Клім.). Укр. остербати, остербнути ’тс’, рус. стербнуть (стар.) ’цвярдзець, чарсцвець, церпнуць’, устрабляти, устрабити (царк.) ’лячыць’, польск. postrobić ’узмацніць’, дыял. ostróbka ’ліхаманка’, чэш. ustrabiť se ’асвяжыцца’, ст.-чэш. ostrabiti ’ўзмацніць’, славац. strabiť sa ’лячыць’ і інш. Ст.-рус. усторобитися ’выздаравець’, устрабити(ся) ’вылечыцца’, устрабие, устраба ’вылячэнне’, устробитися ’выздаравець’; ст.-слав. устрабити ’вылечыць’. Ці не ў выніку кантамінацыі з гэтым словам в.-луж. strowy ’здаровы’? Слова лічаць праславянскім (*storb‑/*stьrъ‑), роднасным з і.-е. *ster‑; параўн. грэч. στέρφος ’цвёрдая скура’, літ. tar̃pti ’ўзмацняцца, выздараўліваць’ (думка Махэка, Recherches, 39, параўн. Фрэнкель, 1063), магчыма, ням. sterben (Траўтман, 284) і інш. Гл. Фасмер, 3, 756.

Асця́га ’ўпартасць пры дасягненні недасягальнага жадання, крыклівасць’ (Гарэц.). Утворана як бязафіксны назоўнік ад дзеяслова асцягвацца ’ўпарта дабівацца чагосьці’ (Касп.), які ўтвараецца з прэфіксам а‑ (о‑) ад сцягвацца, утворанага ад цягнуць (гл.).

Асцяжа́рак ’хмызняк, салома’ (Выг. дыс.). Утворана з цыркумфіксам з‑‑ак (< о‑‑ъкъ) ад сцяжар (гл.), стежар (Выг.). Гл. стажарʼе.

Асцяро́б ’расчышчанае месца пасярод лесу’ (Касп.). Бязафіксны назоўнік ад *асцерабіць ’прачысціць лес’. Гл. церабіць у гэтым значэнні.

Асцяро́га. Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова асцера́гаць ’папярэджваць пра небяспеку’, утворанага з прыстаўкай а‑ (< о‑) ад сцерагчы (гл.). Адсюль з суфіксам ‑ьн‑ утварыўся прыметнік асцярожны, ад якога назоўнік асцярожнасць. Форма острожность у XVII ст. (Гіст. мовы, 1, 295) пад польскім уплывам. Остеречи(ся) ужо ў старарускай мове.