Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Асё́л. Рус. осёл, укр. осел, польск. osioł, серб.-луж. wosoł, чэш. osel, славац. osol, балг. осел, серб.-харв. осао, славен. ȏsel. Палаб. asål з с.-н.-ням. esel (Лер-Сплавінскі–Палянскі, 20). Ст.-слав., ст.-рус. осьлъ, ст.-бел. оселъ. Праслав. запазычанне з герм. (гоцк.) asilus < лац. asinus, збліжанае з утварэннямі на ‑ьlъ тыпу *kozьlъ, *orьlъ. Кіпарскі, Gemeinslav., 208; Стэндар–Петарсан, Slav.-germ., 133, 369, 534; Брух, Зб. Крэчмеру, 12; Мартынаў, Лекс. взаим., 98–99, дзе гл. іншую літаратуру. Лац. asinus і грэч. ὄνος праз фракійска-ілірыйскае пасрэдніцтва з неўдакладненай малаазіяцкай мовы (Вальдэ-Гофман, 1, 73); Траўтман, 14, дапускаў балта-славянскі характар слова (параўн. літ. ãsilas), аднак балтыйскія словы маглі быць запазычаны самастойна (Фасмер, 3, 157) ці з усходнеславянскіх моў (Фрэнкель, KZ, 63, 204), Буга (Rinkt., 3, 763–764) указвае на беларускую мову як крыніцу літоўскага слова. Думка Мейе, Études, 186; Сабалеўскага, ЖМНП, 1911, 5, 163, пра лац. asellus як крыніцу славянскага слова не сустракае падтрымкі. Беларускі фразеалагізм асёл маляваны, паводле Янкоўскага, БФ, 57, пайшоў ад вандроўных цыркаў.

Асёлка ’радуга’ (Касп.), осело́к (ДАБМ, 902). Укр. оселка ’тс’. Безумоўна звязана з вясёлка, укр. веселка ’тс’. Аднак вакалізм пачатку ў паўднёвабеларускай і ўкраінскай формах сведчыць аб тым, што простым усячэннем пачатковага в‑ форму гэту вытлумачыць нельга. Магчыма, асёлка ’радуга’ кантамінацыйна звязана з асялок прылада для вастрэння’ (ад якой адлятаюць іскры, як, магчыма, маланкі, ва ўяўленні нашых продкаў, ад радугі). Магчыма, кантамінацыя тут адбывалася з о́сілкі ’(паўкруглая) ручка вядра’. Нельга выключыць і тое, што форма асёлка адлюстроўвае неабходнасць лічыць сучасную сувязь вясёлкавясёлы пазнейшай, магчыма, народнаэтымалагічнай, а старажытную назву радугі звязваць з словамі тыпу ст.-іран. asman ’неба’. Трэба, нарэшце, указаць на магчымую сувязь асёлкі ’радугі’ з асілкамі (гл.) або праз іскры, звязаныя з уяўленнямі пра каменную прыроду асілкаў (параўн. іх рэбры), або праз вобраз змяі (з якой звязана і радуга і асілкі). Няясна.