Асяло́к ’змаршчок’ (Інстр. II); вясё́лка ўказваецца як варыянт назвы побач. Асноўнае выкарыстанне назвы вясёлка не для абазначэння змаршчка (Morchella), а як назва грыба Phallus impudicus (вясёлка, сраматнік), але, зважаючы на тое, што і ў іншых мовах ёсць такія пераносы назваў (ням. Morchel ’змаршчок’ і Stinkmorchel ’вясёлка, сраматнік’), і тут можа ісці размова аб пераносе. Калі першапачаткова вясёлка — назва змаршчка, магчыма, звязана з тым, што гэта першы вясенні грыб (параўн. вяселік ’жаваранак’), калі ж першапачаткова гэта назва сраматніка, магчыма, у ёй адлюстраваліся адносіны да непрыстойнасці знешняга выгляду гэтага грыба. Калі ўлічыць цяжкасць фанетычнага тлумачэння асялок з вясёлка, трэба дапусціць тую ці іншую сувязь асялок ’змаршчок’ з асялком ’тачыльным каменем’, магчыма, па знешняму выгляду (асабліва калі гэта назва не змаршчка, а сраматніка); нельга выключаць і сувязь з асілкамі, якія, паводле пэўных паданняў, уходзілі ў зямлю. Гл. вясёлка, асілак, асла.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)