Асёлка ’радуга’ (Касп.), осело́к (ДАБМ, 902). Укр. оселка ’тс’. Безумоўна звязана з вясёлка, укр. веселка ’тс’. Аднак вакалізм пачатку ў паўднёвабеларускай і ўкраінскай формах сведчыць аб тым, што простым усячэннем пачатковага в‑ форму гэту вытлумачыць нельга. Магчыма, асёлка ’радуга’ кантамінацыйна звязана з асялок прылада для вастрэння’ (ад якой адлятаюць іскры, як, магчыма, маланкі, ва ўяўленні нашых продкаў, ад радугі). Магчыма, кантамінацыя тут адбывалася з о́сілкі ’(паўкруглая) ручка вядра’. Нельга выключыць і тое, што форма асёлка адлюстроўвае неабходнасць лічыць сучасную сувязь вясёлкавясёлы пазнейшай, магчыма, народнаэтымалагічнай, а старажытную назву радугі звязваць з словамі тыпу ст.-іран. asman ’неба’. Трэба, нарэшце, указаць на магчымую сувязь асёлкі ’радугі’ з асілкамі (гл.) або праз іскры, звязаныя з уяўленнямі пра каменную прыроду асілкаў (параўн. іх рэбры), або праз вобраз змяі (з якой звязана і радуга і асілкі). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)