Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Асна́ч ’плытагон, сплаўшчык’, асна́к (Янк. БП) ’тс’. Рус., укр. оснач, ст.-рус. осначь ’тс’; рус. арханг. таксама пераносна ’легкадумны чалавек’. З остьнъ ’вастрыё’, ’бусак’ (> асон, гл.) + суфікс ‑ачь (остьнъ мае той жа корань *akʼ‑, што востры, гл.) ці ‑акъ (Супрун, Веснік БДУ, 1971, 1, 72–73). Думка Даля пра паходжанне ад снасть, оснастка, а таксама думка Мацэнауэра, 12, 173 (гл. таксама Міклашыч, 4; Бернекер, 32; Фасмер, 3, 162), пра паходжанне ад гоц. asneis ’падзёншчык’ непераканаўчыя.

Асно́ва. Першапачаткова ’ніткі, што ідуць уздоўж тканіны’. Рус., укр., балг., макед. основа, серб.-харв. основ, польск. osnowa, чэш., славац., славен. osnova, ст.-рус. основа. Праслав. *o(b)snova (Трубачоў, Ремесл. терм., 113) утворана як бяссуфіксны назоўнік ад прэфіксальнага дзеяслова *o(b)sno‑vati (аснаваць), які ад снаваць (гл.). Гл. таксама Праабражэнскі, 1, 663; Фасмер, 3, 162; БМ 61, 1, 3; Булахоўскі, Тр. ИРЯ, 1, 173. Недакладна адносіць утварэнне слова да XIX–XX стст. (Гіст. лекс., 248).

Асну́ты ’ахоплены сном’ (Сцяшк.). Сувязь са сном, відаць, другасная, народнаэтымалагічная; хутчэй тут дзеепрыметнікавае ўтварэнне ад дзеяслова *аснуць з коранем *snu‑/snov‑ (гл. снаваць). Польск. osnuć ’снуючы нітку, абкружыць ёй’, адкуль ’ахутаць’. Магчыма, у сувязі з абмежаваным пашырэннем слова трэба лічыць яго польскім запазычаннем.

Асня́к, аснік ’асіннік’ (Бір. дыс., Інстр. III). Гэтыя зборныя назвы, як і прыметнік асовы ’асінавы’, утвораны ад *osa ’асіна’ (параўн. дубдубняк і г. д.); такія формы, магчыма, сведчаць пра доўгае захаванне ў беларускіх гаворках бяссуфікснай формы *аса (гл. асіна).