Асі́на ’Populus tremula’, ясеннічак ’тс’ (Кіс.), асо́ва ’дрэва (асіна?), у дупле якога жывуць пчолы’ (Сцяшк.); осоўка, осиноўка ’лодка, выдаўбаная з ствала асіны’ (Бейл.); асовы ’асінавы’ (Бейл., Федароўскі, 6, 25). Гл. яшчэ асавец, асавік. Рус., укр. оси́на, укр. осика, польск. osina, osika, дыял. osa, чэш., славац. osika, в.-луж. wosa, wosyca, н.-луж. wosyca, славен. osíka, jesíka, jasíka, серб.-харв. ја̀сика (у тапонімах таксама з je‑), балг. осика, ясика, макед. јасика, ст.-рус. осина. Праслав. *osa < *opsa роднаснае літ. ẽpušė, ãpušė̃, лат. apse, ст.-прус. abse ’тс’, а таксама германскім словам тыпу ням. Espe ’тс’ (ст.-в.-ням. aspa). Іншыя індаеўрапейскія паралелі (напр., з грэч. ἄσπρις ’бясплодны дуб’) выклікаюць сумненні. Няясныя сувязі з цюрк. (Радлаў, Опыт) апсак ’асіна’, якое некаторыя лінгвісты лічаць запазычаным з іранскай (Хоопс, Reallex., 1, 132) ці армянскай (Педарсан, KZ, 39, 462). Іншыя лінгвісты (Мейе, RS, 2, 70; Махэк, Jména rostl., 132; Скок, 2, 759) лічаць слова протаеўрапейскім. Апрача літаратуры, указанай тут і ў Фасмера, 3, 159, гл. яшчэ Покарны, 55 (*apsā); Фрэнкель, 14; Махэк₂, 418. На агульнаславянскі характар бел. асіна ўказваў Булахаў, Курс суч., 144; гэта правільна адносна кораня, суфікс усходнеславянскі і польскі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)