Асаве́ц 1 ’асінавы лес’ (Прышч., Яшкін), асавок ’маладыя асіны на расчышчаным месцы, групкі дрэў сярод поля, каля дарогі’ (Жучкевіч, Топон., 108). Ад аса ’асіна’ (гл. асіна) праз прыметнік асобы ’асінавы’ з дапамогай суфіксаў ‑ец, ‑ок. Параўн. тапонім Асінец.
Асаве́ц 2 ’ссунутая зямля па беразе, па касагоры’ (Яшкін), Грынблат (Весці АН БССР, 1965, 4) звязвае мясцовыя назвы тыпу Асавец і пад. з дзеясловам соваць (асоўвацца). Частка гэтых назваў звязваецца з аса ’асіна’, што датычыць іншых, то трэба ўлічыць яшчэ ўкр. осовн, осовня, осовна ’схіл гары, павернуты да сонца’ (Марусенка, Полесье, 239), якія, аднак, можна супаставіць з асоння ’тс’. Ст.-рус. осовьць азначае ’звычайная дарога’ (магчыма, але не абавязкова, па яру, па берагу, які асоўваецца, ці ўзгорку); балг. осое, серб.-харв. осој ’ценявы бок’, мак. осој ’вільготнае месца, дзе не грэе сонца’, славен. osoje, osovie ’ценявы бок, халадок’. Паўднёваславянскія словы адлюстроўваюць праслав. корань *soi̯‑, што захаваўся таксама ў выглядзе *sě‑ ў рус. сень, бел. засень. Так ці іначай наўрад ці тут можна выключыць шматразовыя народнаэтымалагічныя змены (параўн. укр. осоння пры сонце, сонечко), у тым ліку сувязі з сонцам, а потым з асоўваннем. Магчыма, што асавец першапачаткова азначала проста ’халадок’, а потым стала выкарыстоўвацца і як назва асінніку, і як назва дарогі, і як назва ценявога боку гары і наогул узгорка.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)