Асо́ба (БРС, Нас., Яруш.). Рус., укр., балг. особа, серб.-харв. о̀соба, польск., чэш., славац., славен. osoba, в.-луж., н.-луж. wosoba. У старабеларускай са значэннем ’форма, сукупнасць рыс, твар’ (Гіст. мовы, 1, 219). У ст.-рус., ст.-слав. толькі особь, ст.-рус. особѣ ’особна’. Літ. asabà ’асоба’ з польскай ці беларускай (Фрэнкель, 18). У польск. osoba з XV ст. Звычайна лічаць, што назоўнік утвораны з прыслоўнага выразу о собѣ ’особна’ (Фасмер, 3, 162). Гэта, аднак, незвычайны шлях утварэння назоўнікаў. Хутчэй трэба лічыць утвораным з вядомага ўжо ў стараславянскіх помніках дзеяслова особити (сѧ) ’жыць асобна’ як бяссуфіксны назоўнік. Рускае слова, вядомае з пачатку XVIII ст., Вінаградаў, Очерк, 32; Фасмер лічыць запазычаным з польскай, а Шанскі, КЭСРЯ, 315, — агульнаславянскім. Улічваючы час фіксацыі рускага слова (прыкладна на стагоддзе пазней, чым у заходнерускіх помніках), магчыма, трэба пагадзіцца з Вінаградавым і інш. Позняя фіксацыя і старабеларускія значэнні гавораць у карысць таго, што беларускае слова трэба лічыць запазычаным з польскай, дзе пашырана, магчыма, пад чэшскім уплывам. Дзеяслоў *osobiti ўтвораны непасрэдна ад прыслоўнага выразу *о sobě ці, хутчэй, ад праславянскага прыметніка *osobъ, што захаваўся ў выглядзе асобы, утворанага ад *о sobě; адсюль і асобны (*osobьnъ); ад асоба ’персона’ — асабовы, асабісты (магчыма, на польскай глебе).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)