Асмалі́ць ’абпаліць’ (Яруш.). Пачаткова ’пакрыць смалой’, а потым, у сувязі з тым што пры гэтым дрэва часта трымаюць на адкрытым агні, пераносна на іншыя прадметы — напр. парсюка ці гусь. Пераход вядомы і ў іншых славянскіх мовах. Адсюль: асма́лак ’галавешка’, асмалёнкі ’бульба з прыгаркай’ (Сцяц.); асмалёнак ’пра смуглага чорнавалосага чалавека’ (Сцяц.) адлюстроўвае яшчэ сувязь з чорным колерам смалы і абсмаленых прадметаў. Магчыма, што ва ўзнікненні слоў асмалёнкі і асмалёнак ёсць сувязь з коранем смаг‑ (параўн. смажыць), а сувязь з смала — вынік пазнейшай народнай этымалогіі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)