Асму́скваць, асму́зкваць ’абрываць зярняты аўса, захапіўшы паміж пальцамі адно ці колькі каліваў’ (Янк. I). Магчыма, звязана з укр. мускати ’прыгладжваць’, польск. muckać ’дакранацца, гладзіць, датыкацца’ o(b)muskać ’далікатна ацірацца’; балг. мушкам ’даторквацца, націскаць, басці, калоць’. Брукнер (348) лічыў muskać выключна польскім, Младэнаў (Годишник, XIII–XIV, 1917–1918, 91–92) узводзіў яго да і.-е. *(s)meu̯‑ ’дакрануўшыся, прывесці ў рух’ (Покарны, 743, дае без s‑), параўн. лац. movere ’рушыць’ (Вальдэ-Гофман, 2, 116), магчыма, літ. mùšti ’ўдарыць’, mušnóti ’ціха абстукаць’. Улічваючы, што націскны ы ў дадзенай беларускай гаворцы пераходзіць у у (ДАБМ, к. 39), можна дапусціць сувязь з смыкаць (гл.), але пры гэтым няясна другое ‑с‑ (‑з‑ у запісе Янкоўскага). Супрун, Веснік БДУ, 1973, 2, 66.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)