Асмо́л ’смалістая драўніна хвойных парод’ (БРС), ’пень, які выкопваюць для вырабу смалы’ (Інстр. III). Рус. осмол ’смалістая драўніна’, укр. дыял. осмів ’трухлявы пень’; рус. і ўкр. осмол таксама дзеянне па дзеяслову осмолить. Польск. osmoł ’жывіца, што цячэ са скалечанага месца на пню’, ’асмальванне’. Яшчэ усмал ’амярцвелая частка ствала, налітая смалой’ (Янк. I), укр. усмол ’тс’ (Ніканчук, Бел.-укр. ізал., 63). Утворана, магчыма, ад дзеяслова асмаліцца ’наліцца смалой’, бо іначай прэфіксальна-бяссуфікснае ўтварэнне цяжка растлумачыць. Сюды ж памяншальнае асмолкі ’смалістыя трэскі’ (Інстр. I).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)