Вы́гляд ’від, знешнасць’ (Байк. і Некр.); ’погляд’ (Нас.); ’знешнасць’ (Касп., Гарэц.). Утворана ад выгляда́ць ’вызіраць; мець выгляд’ (гл.).
Выгляда́ць ’чакаць’ (Яруш.); ’пазіраць; мець выгляд’ (БРС, Гарэц., Яруш., КЭС, лаг.), укр. вигляда́ти ’тс’, рус. выгля́дывать ’вызіраць, паказвацца, мець выгляд’, польск. wyglądać ’вызіраць, цікаваць, чакаць’. Да глядзець; параўн. аналагічныя ўтварэнні з іншымі дзеясловамі — вы‑зіраць, рус. вы‑сматривать ’тс’, значэнне ’мець выгляд’ другаснае; параўн. рус. выглядеть ’тс’, польск. wyglądać ’тс’, чэш. vyhližet ’тс’, рус. выглядеть лічаць калькай з ням. aussehen, чым тлумачыцца незак. тр. дзеяслова, незалежна ад наяўнасці прыстаўкі вы‑ (Фасмер, 2, 367; Шанскі, 1, В, 220).
Выгля́ды ’перадвясельны звычай, калі засватаная дзяўчына прыязджае глядзець гаспадарку маладога’ (КЭС, лаг.), выгля́дзіны (Касп.), вы́гляды ’тс’ (Мат. Гом.). Ад выгляда́ць ’глядзець, імкнуцца ўбачыць нешта’; параўн. рус. смотрины.
Выгнёстый ’выгнуты’ (брэсц., Нар. лекс.). Відаць, першапачаткова *выгінясты, што магло быць запазычана з польск.; параўн. wyginiać ’выгінаць’; малаверагодна сувязь з гнясці́ ’ціснуць, біць’.
Выго́да ’камфорт’ (БРС, Байк. і Некр.); ’зручнасць, утульнасць, спакой’ (Гарэц.); ’дастатак, задавальненне’ (КЭС, лаг.); ’прыволле, добрыя ўмовы’ (Цых.), выго́ддзе ’прывольнасць, зручнасць’ (Гарэц., Шат., Байк. і Некр.), выго́дна ’прывольна’ (Гарэц., Байк. і Некр.). Параўн. формы з іншым націскам: рус. выгода, укр. ви́года ’зручнасць, утульнасць, спакой’; выгі́ддя ’зручнасць, прыволле’, польск. wygoda ’зручнасць, камфорт; задавальненне патрэб’. Ад вы́гадзіць ’дагадзіць, дапасаваць’; параўн. гадзі́ць ’мірыць, дастасоўваць’, параўн. рус. уго́дье ’паша, прыволле’, геаграфія і націск, магчыма, сведчаць пра запазычанне з польск. wygoda, параўн. з іншым націскам: вы́гада (гл.), а таксама выгода (Федар. 4).
Выгро́зы ’прачуханка’, рус. ’пристрастка’ (Байк. і Некр.), выгро́за ’староннасць, прадузятасць’ (Бяльк.). Да выгража́ць ’пагражаць, палохаць’; параўн. польск. wygrażać ’тс’, што ўтворана ад гразіць ’пагражаць’ (гл.); не зусім яснае семантычнае развіццё, калі прыняць, што ў Бялькевіча правільна вызначана значэнне слова; параўн. таксама чэш. vyhrůzka ’пагроза’, рус. ’острастка’ і vyhrožovati ’пагражаць, палохаць’.
Вы́грузкі ’гразкае месца на дарозе’ (бяроз., Шатал.). Відаць, да гру́зкі ’дрыгвяністы’ (гл.).
Выгэ́льцваць ’выскокваць’ (Сцяц.). Да незафіксаванага гэ́льцаць, магчыма, варыянт ад гэ́цаць ’скакаць’.
Вы́ґрасіць ’выкрасаць агонь’ (мін., Нар. лекс.). Гл. выкрасіць з азванчэннем к, характэрным для некаторых гаворак Міншчыны, звычайна ў інтэрвакальным становішчы; параўн. стаган (з рус. стакан ’шклянка’) і пад., тут, магчыма, у выніку адштурхоўвання ад вы́красіць ’пафарбаваць’.
Вы́даба ’сукупнасць хатніх рэчаў, патрэбных гаспадыні’ (ст.-дар., Нар. сл.), вы́дабіць ’выштукаваць, вымеркаваць’ (дзярж., Нар. сл.). Да даба (гл.); параўн. на́даба ’патрэба’, надо́ба ’адзенне’ і інш.