Надоба ’хатнія рэчы, неабходныя гаспадыні’ (карэл., Сцяшк.), ’убранне’ (стаўбц., Нар. сл.), на́даб (надыб) ’патрэба’ (Бяльк.), надобʼе (надобʼя) ’госці’ (чэрв., Нар. лекс.), nadobak, nadobinka, nadobnina ’аздобная рэч, патрэбная рэч’ (Федар.), nadóbnina ’драўніна для вырабу сельскагаспадарчых прылад’ (Арх. Федар.), надобейка ’нагода, падзея’ (Песні сямі вёсак). Укр. надоба ’неабходнасць, патрэба’, надібок ’кавалак дрэва або жалеза, прыдатны для справы’, ’гаспадарчыя прылады’, надібʼя ’рэчы, маёмасць’, рус. надоба ’патрэба, неабходнасць’, надобье ’тс’, надобень ’неабходная ў доме рэч’, польск. nadoba ’хараство, прыгажосць’, ’начынне’, nodobie ’прылады’, nadobek ’любы пусты посуд (гаршчок, бутэлька)’, чэш. nádoba ’начынне, посуд’, nádobá ’прылады’, славац. nádoba ’посуд’, в.-луж. nadoba ’прылады, начынне; даход; багацце’, н.-луж. nadoba ’веліч; дабрабыт; начынне’. Вытворнае ад *doba, гл. даба; першасная форма, відаць, надабе (гл.), што ўяўляе спалучэнне прыназоўніка на з формай дав., месн. скл. адз. л. ад названага назоўніка са значэннем ’на часе, у (патрэбны) час’, адкуль развілася форма надоба ’патрэба, неабходнасць’ і іншыя, больш канкрэтныя значэнні, што ўскосна пацвярджаецца і больш ранняй фіксацыяй прыслоўя ў помніках пісьменнасці. У якасці чэхізма ў Скарыны разглядаецца надобье ’пасуда’ (Булыка, Лекс. запазыч., 206), што неабавязкова, паколькі такая форма і семантыка прадстаўлены ў гаворках. З большымі падставамі ў якасці запазычання, відаць, з польскай мовы можна разглядаць вытворнае ст.-бел. надобный ’прыгожы, зграбны’ (з XVI ст., Жураўскі, SOr, 10, 40; Булыка, Лекс. запазыч., 194), бо, як паказвае семантычная паралель польск. śliczny, чэш. sličný ’падобны, прыгожы’, такое развіццё значэння характэрна для заходнеславянскіх моў (Машынскі, Kultura, II, 1, 101). Зрэшты, некаторыя этымолагі адрозніваюць аманімічныя зыходныя словы і іх вытворныя ад кораня dob‑: doba ’спосаб, від’ (сюды адносяць і падобны, надобны, аздобны і г. д.) і doba ’часавы перыяд’, да якога трэба аднесці астатнія пералічаныя формы (Махэк₂, 121–122; Бязлай, 1, 105). У адпаведнасці з гэтым у якасці зыходнай формы для надоба ’прылада; пасуда’ дапускаецца зборны назоўнік *nadobьje ’патрэба, неабходнасць’, з якога шляхам сінгулярызацыі ён быў утвораны (Махэк₂, 387; Шустар-Шэўц, 13, 980).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)