Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

А́джа, ад‑жа (Гарэц., Бяльк.), укр. адже. Украінскае слова мае дзве этымалагічныя версіі: адже да а‑от‑же (УД Зб. 11, 222) і да а‑д‑же (‑д‑ скарочаная форма диви), параўн. зах.-укр. аже (< а‑же) (Рудніцкі, 1, 42). Версія Рудніцкага вельмі няпэўная. Супадзенне беларускай і ўкраінскай форм вытлумачыць цяжка (Краўчук, вусн. паведамл.).

Аджгі́р (БРС), джгір (БелСЭ) ’Acerina cernua’. Мабыць, з літ. ažgỹs, ežgỹs ’тс’. Гл. ажгур.

Аджджві́чыць ’выцвічыць, высцебаць’ (Арх. Бяльк.). Фанетычны варыянт да цвічыць, магчыма, пад уплывам звонкага д у прэфіксе ад‑. Параўн. аджджубасіць (Мартынаў, БЛ, 1972, 1, 18).

Аджджуба́сіць ’высцебаць’, гл. аддубасіць (Бяльк.). Гл. таксама аджджвічыць. Тут кантамінаваліся формы аддубасіць і аджджвічыць (Мартынаў, БЛ, 1972, 1, 18).

Адза́баль, адзабылі, адзаль ’сапраўды’ (Касп.), адзабль, адзабыл ’праўда (прыслоўе)’ (Карскі 2–3, 71, 73, віц.), адзабль ’ці праўда’ (Мат. Смал.), параўн. рус. сіб. забыль ’праўда, сапраўды’, адзабль, адзабыль, ад‑за‑бы‑ль да быць (гл.). Структура ад‑забыль эквівалентна са‑праўды (Мартынаў, Бел.-рус. ізал., 69).

Адзале́ць ’памерзнуць, загінуць’ (Касп.). Гл. золкі.

Адзеву́ліць ’здзівідь, абмарочыць, ашукаць’ (Нас.), ададзівуліць (словаўтваральная мадэль, як у абакуліць). Магчыма, кантамінацыя з дзявуля дзяўчынка’. Гл. аздзівяліць.

Адзе́жа (Касп., Шат., Гарэц.), адзежына (Бяльк., Нас., Шат.), адзенне (Бяльк., Нас., Шат., Касп., КСТ). Слова, быццам, толькі ўсходнеславянскае і стараславянскае (одежда). Параўн. укр. одежа, рус. одёжа. Арэал гэтага слова вельмі цікавы, калі ўлічыць бел. вопратка, укр. одяг. Магчыма, старая ўсходнеславянска-балгарская ізалекса, рэлікты якой слаба захаваліся па ўсёй гэтай тэрыторыі (Фасмер, 3, 121). Форма адзежа < *odedja ад старой рэдуплікаванай асновы дзеяслова dětidedjǫ (ст.-слав. деждѫліт. dedù ’кладу’, ст.-інд. dádhati ’кладзе’).

Адзе́цца ’справіць адзежу’, адзетак ’адзежа, вопратка’ (БРС, КЭС), адзетак, магчыма, пад уплывам абутак (абуць: абутакадзець: адзетак) да дзець (гл.). Параўн. адзежа.

Адзё́р1 ’прыстасаванне, на якім сушаць віку, гарох і г. д.’ (Інстр. II), адзʼор ’від вулея, які ставяць на дрэве’ (Блін., Мяц., Анох.), odzior ’памост, на якім ставяць вулкі-калоды’ (Маш., Сержп.), ozʼor ’памост пад вулеем на дрэве, пад якім тырчаць вострыя спіцы, каб мядзведзь не ўзлез’ (КСТ), одра (КСТ) «адзёр‑вулей — ад стараславянскага одръ — памост, насілкі для нябожчыка, адсюль і палаткі, памосткі для вулляў, а пасля вулей» (Блінава, Мат. конф. МГПИ, 10), рус. одёр ’памост, насілкі для нябожчыка, памосткі для вулляў, памост, каркас воза’, ст.-чэш. odr ’ложа’, чэш. odr ’стоўп, каркас’, odry ’тычкі для вінаграду, будкі для лоўлі птушак’, славац. vôdor ’памост у гумне’, польск. odra ’памост пад вулеем’, балг. одр ’ложа, аканіца’, серб.-харв. о̀дар ’ложа, насціл’, славен. oder ’памост, адрына’. Існуе шмат этымалагічных версій (найбольш поўны агляд гл. Махэк, Slavia, 18, 1–2). Ільінскі, ЖМНП, 1904, апрель, 382: odrъ < o‑drъ ’прастор, акружаны дрэвам’, інакш Сабалеўскі, ЖМНП, 1904, Март. 180; Брандт, РФВ, 23, 1, 95: odrъ < dьrati; Бэцэнбергер, БВ, 27, 174; Уленбек, РВВ, 26, 295; Мерынгер, IF, 18, 256, звязвалі odrъ з ст.-ісл. jaðar ’верхняя бэлька ў плоце’, ст.-англ. eodor ’загон’ і іншымі германскімі паралелямі; Шэфталовіц (IF, 33, 141) параўноўвае odrъ з ст.-інд. ádgaḥ ’сцябло’, літ. uodegà ’тс’; Махэк (там жа, 85): odrъ < vodrъ < vedro, vędnǫti вянуць, сохнуць’ (odrъ — прыстасаванне для сушкі); Вайян (RÉS, 24, 187) выказвае сумненні наконт этымалогіі Махэка і прапануе параўнанне odrъ і лат. adît ’плесці’ (odrъ назва агароджы, параўн. плот). Ва ўсіх пералічаных этымалогіях этымон не звязваецца са значэннем, якое захавалася ў беларускіх словах (Усх. Палессе). Між тым літ. dravìs ’борць’, drevė̃ дупло’, лат. drava, dreve ’тс’, ст.-прус. drawine ’вулей’ несумненна звязаны з прасл. dervo ’дрэва’. Гэты факт, відаць, сведчыць у карысць этымалогіі Ільінскага з мадыфікацыяй Фасмера, 3, 123, які прасл. odrъ выводзіць з o‑drъ ’насціл вакол дрэва’.

Адзё́р2 (назва хваробы) (БРС, Янк. I, Шат., Сцяшк. МГ) «адзёр — хвароба (скура хворага робіцца чырвонай, як абдзёртая)» (Блінава, Мат. конф. МГПИ) да дзерці (гл.).