Плот1, плу͡от, плут, пліт, плыт, плет ’агароджа вакол чаго-н.’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’паркан’ (Нас.; ТСБМ; Варл.), ’агароджа з жэрдак, пераплеценых галлём’ (Яруш., Сцяшк. МГ, Гарэц., Шпіл., Бес., Шушк., Выг., П. С.; Зн., дыс.; ДАБМ, к. 246; Шат., Касп., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Сл. Брэс.; івац., Жыв. НС); ’пляцень, агароджа з тонкіх кійкоў, пераплеценых лазой’ (Чуд.; Клім.; ЛА, 4), ’частакол’ (ЛА, 4); ’плот з жэрдак’ (усюды, апрача ўсх.-маг. і ўсх.-гом., ЛА, 4); плот ’застаўкі ад снежных заносаў на дарозе’ (Сцяшк. МГ), ’дубцы, галлё з якіх плятуць агароджу, кашы’ (Сцяшк. Сл., Сцяшк. МГ). Укр. пліт, рус. зах., паўд. плот, польск. płot, н.-луж. płot, в.-луж. ót, чэш., славац. plot, славен. plọ̑t, серб.-харв. пло̑т, макед. плот, балг. плет, ст.-слав. плотъ. Прасл. *plotъ ці *ploktъ (Трубачоў, Ремесл. терм., 163) — гэта іменнае вытворнае з о‑вакалізмам ад дзеяслоўнай асновы *plesti > пле́сці (гл.) < і.-е. *plektō з пашыральным суф. ‑t‑ пры больш старажытным *plekō, параўн. ст.-грэч. πλέκω ’плягу’. Мяркуецца, што *plesti першапачаткова адносіўся да пляцення з гнуткіх, тонкіх атожылкаў і галінак дрэваў. Аналагічнае паходжанне ням. Wand ’сцяна’ < winden ’плесці’ (Мерынгер, IF, 1904–1905, 17, 139 і наст.) ці манг. хэрэм ’сцяна’ < хэрэх ’звязваць, сплятаць’ (Аткупшчыкоў, Из истории, 233). Сюды ж в.-дзв. плутуваць ’пераплятаць плот лазой’ (Сл. ПЗБ).

Плот2, плыт, плытюх, плытюга́ ’хлус, балбатун, пляткар’ (Клім.; пін., Сл. Брэс., Нар. лекс.; івац., Жыв. НС). Да пле́сці (гл.). Паводле Банькоўскага (2, 607), пераход ’плесці’ > ’выдумляць, хлусіць’ — польская спецыфіка. Аднак параўн. рус. арх. плоти́ть ’хлусіць, вярзці лухту’ і фразеалагізм плести плетень ’гаварыць бязглуздзіцу’.

Плот3 ’плыт’ (Сцяшк. Сл.; ваўк., Сцяшк. МГ; вільн., астрав., Сл. ПЗБ). Да плыт1 (гл.). Сюды ж плот ’спосаб укладкі лёну і канапель для вымочвання’ (калінк., мазыр., Уладз.).

Плот4 ’кнот, зроблены з напаўспаленых акрайкаў палатна’ (Мік.). Відаць, да пле́сці (гл.), г. зн. ’сплецены з акрайкаў палатна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)