Пле́сці, плясці́, плесць, плэсты́, плыстэ́ ’перавіваючы (палосы, лазу, ніці, стужкі), злучаць (іх) у адно цэлае, вырабляць што-н.’, ’вязаць’, ’віць вяроўкі’, ’гаварыць без сэнсу’, ’гаварыць у сне’, ’узводзіць паклёп, паклёпнічаць’; сюды ж у слалучэннях: плётма пле́сці ’хлусіць’, пле́сці кашалі́ без дужак, плесці плота без калкоў ’гаварыць няпраўду, што папала’; пле́сціся, плясці́ся, пле́сцца ’паволі ехаць, ісці, заплятаючыся, чапляючы нагой за нагу’, плётма плесціся ’ўвесь час цягнуцца, ісці’ (ТСБМ, Яруш., Нас., Др.-Падб., Шат.; Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС; сміл., Стан.; дзятл., Сцяшк. Сл.; ЛА, 4). Укр. плести́, рус. плести́, плесть, польск. pleść, н.-луж. plasć, в.-луж. plesć, палаб. plitě ’пляце’, чэш. plésti, славац. pliesť, славен. plésti, серб.-харв. плѐсти, харв. чак. plȅst, макед. плете, балг. плета́, ст.-слав. плести ’плесці’. Прасл. *plesti < і.-е. *plekʼ‑te/o: ст.-в.-ням. flehtan, англ.-сакс. fleohtan, лац. plectō ’плесці’; без суф. ‑te/o: ст.-грэч. πλέκω, лац. plicāre ’складаць, загінаць, звіваць’ < і.-е. *piekʼ‑ (Міклашыч, 250; Махэк₂, 459; Фасмер, 3, 280; Брукнер, 418; Бязлай, 3, 56); Трубачоў (Ремесл. терм., 248) — *plek‑ (*plekʼ‑). Мее (Études, 180) рэканструюе прасл. форму як *plet‑. Банькоўскі (2, 606) выводзіць тры прасл. формы: *plesti/*plęsti > *plěsti > *plet‑/*plēt‑/*plot ’пашыраць, павялічваць, дадаючы новыя элементы’. Тое ж абазначае і літ. plė̃sti, platùs ’шырокі’. Адносна значэння ’ілгаць, абгаворваць, узводзіць паклёп’: Брукнер (418), Махэк₂ (459). Фасмер (3, 280), Копечны (Zákl. zásoba, 269) бачаць у ім семантычны перанос прасл. *plesti. Фурлан (JS, 29, 120) выводзіць лексему з гэтым значэннем з і.-е. *pléte/o < *(s)pel‑ ’узнёсла гаварыць’, ад якога можа быць і літ. рlерė́ ’балбатаць, несці бязглуздзіцу’ (Бязлай, 3, 56), што непераканаўча (Куркіна, Этимология–1994–1996, 199). Паводле Станкевіча (Зб. тв., 1), плісціся ў значэнні ’цягнуцца’ — русізм, што неабавязкова, параўн. балг. жарт. плете́ ’ідзе’ (БЕР, 5, 342).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)