Са́ля ’зал, зала’ (Байк. і Некр.; шчуч., Сл. ПЗБ). З польск. sala ’тс’, гл. Кюнэ, Poln., 95; Сл. ПЗБ, там жа. Ст.-бел. саля (XVI ст.) праз ст.-польск. з італ. sala ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 99).
Салядыно́вы ’бледна-зялены (колер)’ (Сл. рэг. лекс.). Рус. селадо́новый ’колеру марской хвалі’. Мяркуючы па месцы націску, з польск. seladynowy ’бледна-зялёны’. Слова ўзыходзіць да франц. céladon ’селадон’ і, далей, да імя героя пастухоўскага рамана «Астрэя» Анарэ д’Юрфэ (1568–1625 гг.). Гл., напрыклад, Мацэнаўэр, LF, 19, 248; Голуб-Копечны, 329; Фасмер, 3, 594; Брукнер, 484.
Салядэ́рак, салатэ́рак ’сподак’ (Сл. ПЗБ), салітэ́рка ’талерка’ (Сл. Брэс.), саліты́рка ’міска’ (гом., Нар. сл.). З польск. salatierka, salaterka ’салатнік’. Апошняе з франц. salatiere ’тс’ (Брукнер, 480).
Саля́нка 1 ’саляніца’ (ЛА, 5). Дэрыват ад прым. саля́ны, які да соль (гл.).
Саля́нка 2 ’мера сыпучых рэчываў у 4 чацверыка’ (Касп.). Да соль (гл.), мабыць, першапачаткова мера солі.
Саля́рка ’саляравае масла’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Кандэнсацыя словазлучэння саля́равае масла ’прадукт перагонкі нафты, які выкарыстоўваецца як паліва для дызеляў, рэчыва для змазкі механізмаў і пад.’, дзе саляравае ад лац. solaris ’сонечны’ < sol ’сонца’ (Голуб-Ліер, 445). У беларускай, хутчэй за ўсё, непасрэднае запазычанне з рус. соля́рка ’тс’.