Арля́к ’гатунак папараці, Pteridium aquilinum’. Рус., укр. орляк. Назвы папараці і ў іншых народаў звязваюцца з паняццем птушак, крылляў: параўн. лацінскую назву, славац. kapraď orličí, чэш. křídlatěnec (Махэк, Jména rostl., 33), таму, магчыма, гэта не пераклад лацінскай назвы, а самастойнае ўтварэнне паводле знешняга выгляду лісця, якое нагадвае крылле птушкі; не выключана таксама калька.
Арля́нка ’гульня, у ходзе якой падкідваецца манета і выйграе той, каму манета выпадае гербам’ (БРС). Рус., укр. орлянка. Паралельна з інш. усходнеславянскімі мовамі ўтворана на базе значэння арол ’герб на манеце’ (першапачаткова з малюнкам арла).
Арма́та (Нас., Гіст. лекс.). Гл. гармата.
А́рмія. Рус. армия (з 1705; армея з 1704), укр. армія, польск. armia (з XVII ст.). Саднік-Айцэтмюлер, 1, 29. Вытворныя сведчаць аб аснове з ‑е‑: армейскі, армеец. Ст.-бел., ст.-укр. армея (Бярында), таму наўрад ці патрэбна лічыць зноў запазычаным у XIX ст., як Гіст. лекс., 245, ці нават XX ст., як Гіст. мовы, 2, 148, хаця, магчыма, рускі ўплыў у гэты час садзейнічаў замацаванню слова. Краўчук (ВЯ, 1968, 4, 122) прапануе для ўкраінскай, паводле Агіенка, Иноз. элем. 70 (які аб гэтым гаварыў для рускай мовы), польскае пасрэдніцтва. Паўтарак (Бел. лекс., 135) прапануе шлях: заходнееўрапейскія мовы > польская > руская > украінская і беларуская. Паводле Шанскага, 1, А, 145, рускае з нямецкай; Фасмер, 1, 87 — з нямецкай ці французскай, Брукнер (7) лічыць польскае з нямецкай. Беларуская і ўкраінская маглі быць, як і польская, пасрэднікамі для рускага слова, нельга выключыць украінскую мову як магчымую крыніцу пераходу е > і (Саднік-Айцэтмюлер, там жа).
Армо́шкі ’вусікі на сцябле гарбуза’ (Сцяшк.). Няясна.
Армя́к ’даўгаполая вопратка з тоўстага сукна’ (БРС, Касп., Бяльк.; карту рэаліі гл. Малчанава, Мат. культ., 153), дыял. гармя́к. Рус. армя́к, укр. армʼя́к. Ст.-польск. giermak. Ст.-бел. з 1574 ермяк, ормяк, кгермак (Булыка, Запазыч.). Сучаснае беларускае з XIX ст. (Гіст. мовы, 2, 26), улічваючы пашырэнне на паўночным усходзе, з рускай. Рускае (у XVI ст. ормяк, ормячек), магчыма, з тат. əрмак: Фасмер, 1, 88. Старабеларускае, стараўкраінскае, старапольскае (адкуль кгермак у старабеларускай) запазычаны без рускага пасрэдніцтва. У цюркскіх слова паходзіць ад кораня ӧр ’віць’ плясці, вязаць’, адкуль ӧрмӓк гатунак сукна’ (Радлаў, Опыт, 1, 801, Др. Тюрк.). Супрун, Зб. Крымскаму, 127–128.
Арна́мент. Рус., укр. орна́мент, польск. ornament. Ужо ў ст.-бел. орнаментъ з лацінскай (Гіст. лекс., 108), магчыма, праз польскую мову, таму няма неабходнасці дапускаць паўторнае запазычанне ў XX ст. (як Гіст. мовы, 2, 144; Гіст. лекс., 252 і 261). Украінскае, рускае, як і беларускае, верагодна, праз польскую; у рускай з пач. XVIII ст. (Фасмер, 3, 153).
Арнау́тка ’гатунак пшаніцы, Triticum durum’. Рус. арнау́тка, укр. арнау́тка, арнаву́тка ’тс’, польск. arnautka ’тс’, ’грэчка’, рус. grâu arnăút ’тс’, тур. arnaut darisi ’гатунак проса’. Беларускае з рускай; у рускай з турэцкай ці ўкраінскай (< малд. < тур. — Краўчук, ВЯ, 1968, 4, 122 па Раговічу (1873)). Першаснае значэнне слова арнаут ’албанец’ (< тур. arna(v)ut < грэч. ἀρναβίτης < ἀρβανίτης), адкуль ’албанскі гатунак збожжа’. У рускіх гаворках захоўваецца і арнау́т ’басурман’. У Мінску (канец 1960‑х гадоў) нейкі час бытавала назва хлеба арнау́т (кіеўскі арнаут) < укр. арнаут. Фасмер, 1, 88.
Аро́л, дыял. гаро́л (Кліх). Рус. орёл, укр. оре́л, польск. orzeł, чэш. ořel, славац. orol, в.-луж. worjoł, н.-луж. jerjeł, балг., макед. орел, серб.-харв. о̀рао, славен. órel, ст.-слав., ст.-рус. орьлъ. Праслав. *orьlъ роднаснае балтыйскаму (напр., літ. erẽlis, дыял. усх. arẽlis), германскаму (ням. Aar і інш.), ст.-грэч. ὄρνις ’птушка’. Гэтыя формы адлюстроўваюць і.-е. *er‑/*or‑ (Покарны, 325–326; Траутман, 13). Славянскія і балтыйскія формы маюць суфіксальнае ‑l‑ (магчыма, чаргуемае з ‑n‑, Мейе, Études, 418), што ўваходзіць у суф. ‑ьлъ (у павелічальным значэнні; Фасмер, 3, 151), параўн. праслав. *kozьlъ. Вытворныя: арлюк, арляня/арлянё; арлан (Інстр. II, БелСЭ) ’птушка Haliaeetus’ (Булахоўскі, ВСЯ, Льв., 1, 171).
Аро́ў (оrо́й) ’astur palumbariuś’ (Маш., 18). Паходжанне няяснае.