А́рмія. Рус. армия (з 1705; армея з 1704), укр. армія, польск. armia (з XVII ст.). Саднік-Айцэтмюлер, 1, 29. Вытворныя сведчаць аб аснове з ‑е‑: армейскі, армеец. Ст.-бел., ст.-укр. армея (Бярында), таму наўрад ці патрэбна лічыць зноў запазычаным у XIX ст., як Гіст. лекс., 245, ці нават XX ст., як Гіст. мовы, 2, 148, хаця, магчыма, рускі ўплыў у гэты час садзейнічаў замацаванню слова. Краўчук (ВЯ, 1968, 4, 122) прапануе для ўкраінскай, паводле Агіенка, Иноз. элем. 70 (які аб гэтым гаварыў для рускай мовы), польскае пасрэдніцтва. Паўтарак (Бел. лекс., 135) прапануе шлях: заходнееўрапейскія мовы > польская > руская > украінская і беларуская. Паводле Шанскага, 1, А, 145, рускае з нямецкай; Фасмер, 1, 87 — з нямецкай ці французскай, Брукнер (7) лічыць польскае з нямецкай. Беларуская і ўкраінская маглі быць, як і польская, пасрэднікамі для рускага слова, нельга выключыць украінскую мову як магчымую крыніцу пераходу е > і (Саднік-Айцэтмюлер, там жа).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)