Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вы́тлук ’свавольнік’ (Бяльк.); ’нахабнік, нягоднік’ (Янк. III). Запазычанне з польск. wytłuk ’мужчына або жанчына непрыстойнага жыцця, распуснік, лайдак’. У варыянце вы́тлуч ’тс’ (Шат.) ‑ч‑, відавочна, пад уплывам дзеяслова таўчы або па аналогіі з іншымі словамі з ‑ч‑ суфіксальным тыпу слухач, дзеяч, штурхач.

Вы́тлуміць ’выманіць’ (Нас.); ’задушыць, звесці са свету’ (Шат.). Запазычанне з польск. wytłumić ’заглушыць, заду-шыць’ або вытворнае ўжо на беларускай глебе ад запазычанага з польскай тлуміць (< tłumić) (гл.).

Выто́к ’пачатак ракі, патоку’ (БРС, Інстр. I, Яшк.), выто́ка ’тс’ (Сцяшк., Яшк.). Польск. wytok ’балота’, чэш. výtok ’выток’. Да выцечы (гл. цячы) (параўн. Махэк₂, 637 і наст.).

Вы́траскі ’тое, што вытрасена’ (Др.-Падб.), вы́трускі ’дробная салома з каласамі пасля малацьбы’ (Бір. Дзярж.). Ад вытрасці, вытрусіць з дапамогай суф. ‑ка. Параўн. рус. вы́трепки ’дробная жытняя салома, якая застаецца пасля малацьбы’. Гл. таксама трэсці.

Вы́трашчка ’чалавек з вытарашчанымі, вылупленымі вачамі’ (Шат.). Укр. витршца́ка ’тс’. Ад вытрашчыць (гл.) пры дапамозе суф. ‑ка.

Вы́трашчыць (вочы) ’вылупіць’ (БРС, Шат.). Мяркуючы па ізаляванасці слова ў бел., можна лічыць запазычаннем з польск. wytrzeszyć (oczy) ’тс’; параўн. яшчэ чэш. vytřeštiti (oči), славац. vytrieštať ’тс’. Пэўнай этымалогіі гэтых слоў няма. Брукнер (579) звязвае з trěsk‑, але гэта не дакладна. Фасмер (4, 23) адхіляе і роднасць з рус. вытаращить, таращить (глаза). Іначай Махэк₂ (657), як і рус., і заходнеслав. словы выводзіць ад і.-е. ster‑ ’быць нерухомым’ (*ster‑skati) і параўноўвае з літ. (pa)stérti ’ўтаропіцца’, ням. stieren і starren ’тс’. Няпэўна.

Вытропваць ’танцаваць з выкрутасамі’ (Жд., 2). Гл. тропаць.

Вытрыбе́нькі ’капрызы, прыхамаці’ (Касп.). Рус. дыял. (дан., кур.) вытребе́ньки, укр. витре́беньки ’тс’. У бел. мове таксама, як і ў рус., запазычанне з укр., дзе да витребувати ’патрабаваць, прасіць’ (Рудніцкі, 1, 402).

Вы́трымка1 ’ўрывак, цытата’ (БРС). Магчыма, калька рус. вы́держка ’тс’, хаця і этымалагічна памылковая, таму што рус. вы́держка ад выдёргивать, а не выдержать. Ад вытрымаць (гл. трымаць) пры дапамозе суф. ‑ка.

Вытылі́нгаваць ’іграць на язык’ (Жд., 2), вытылі́нкванне (птушак) (КЭС, слуц.). Ад гукапераймальнага выклічніка тылі-тылі; параўн. рус. тили́кать, тилили́кать ’выпускаць тонкія, высокія гукі’, укр. тілікати ’дрэнна граць на скрыпцы’, выкл. тылі-тылі, чэш. tikati ’шчабятаць (аб птушанятах)’. Гл. таксама Махэк₂, 643.