Тро́паць ‘біць, трапаць’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘брыкаць задняй нагой’ (Нас.): конь тро́пае (бялын., чач., ЛА, 1), ‘варушыцца, рабіць рухі’ (рас., Бел. дыял. 1), тро́пнуць ‘стукнуць, выцяць, ударыць’ (в.-дзв., Шатал., Сцяшк. Сл., Скарбы; карэліц., Нар. сл., Сцяц., Сл. Брэс.; слонім., Нар. словатв.), ‘патанцаваць’ (Сцяшк. Сл.); сюды ж тро́пацца ‘біцца (пра сэрца)’ (Юрч. СНЛ). Параўн. укр. тропа́ти ‘тупаць; танцаваць, бегчы рыссю’, рус. тропа́ть ‘тупаць, стукаць’, славен. tropati ‘біць’, серб. тропати ‘цяжка ступаць’, тропа̏т ‘стукаць’, балг. тро́пам ‘тупаць, стукаць; вытанцоўваць’, макед. тропа ‘стукаць’. Прасл. *tropati ‘тупаць, стукаць, грукаць’, якое чаргуецца з *trepati (гл. трапаць) і суадносіцца з літ. trapinė́ti ‘тупаць нагамі’, прус. trapt ‘ступаць’, грэч. τραπέω ‘ступаю, выціскаю’ і іншымі дзеясловамі гукапераймальнага паходжання (Фасмер, 4, 105; Скок, 3, 496).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)