Вы́трашчыць (вочы) ’вылупіць’ (БРС, Шат.). Мяркуючы па ізаляванасці слова ў бел., можна лічыць запазычаннем з польск. wytrzeszyć (oczy) ’тс’; параўн. яшчэ чэш. vytřeštiti (oči), славац. vytrieštať ’тс’. Пэўнай этымалогіі гэтых слоў няма. Брукнер (579) звязвае з trěsk‑, але гэта не дакладна. Фасмер (4, 23) адхіляе і роднасць з рус. вытаращить, таращить (глаза). Іначай Махэк₂ (657), як і рус., і заходнеслав. словы выводзіць ад і.-е. ster‑ ’быць нерухомым’ (*ster‑skati) і параўноўвае з літ. (pa)stérti ’ўтаропіцца’, ням. stieren і starren ’тс’. Няпэўна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)