Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Выключа́ць (БРС, КТС). Да ключ (гл.). У значэнні ’не дапускаць, устараняць’ з’яўляецца калькай рус. исключать (Гіст. мовы, 2, 141).

Выклю́чны (БРС, КТС). Да выключаць. Калька рус. исключительный ’тс’ (Гіст. мовы, 2, 141).

Вы́кнуць ’прывыкаць, прызвычайвацца’ (Гарэц., Др.-Падб.). Рус. вы́кнуть, вы́кну, укр. приви́кнути, ст.-рус., ст.-слав. выкнѫти, польск. nawyknąć, в.-луж. wuknyć ’вучыцца’. Роднаснымі з’яўляюцца літ. jùnkstu, jùnkti ’прывыкаць, рабіцца прывычным’, лат. jûkt, літ. jaukìnti ’прывучаць’, ст.-прус. iaukint ’практыкаваць’, літ. jaukùs ’лагодны, прыемны’, ст.-інд. úcyati ’мае звычай’, ṓkaḥ ’задавальненне’, арм. usanim ’прывыкаю, вучуся’, гоц. biūhts ’прывычны’, ст.-ірл. do‑uccim ’разумеў знаю’ (Вальдэ, 865; Траўтман, 335; Фасмер, 1, 368; Фрэнкель, 196 і наст.).

Выкрада́льнік (БРС). Да выкрадаць (гл. красці); структурная калька рус. похити́тель або самастойнае ўтварэнне па тыпу выкрывальнік, злучальнік і г. д.

Выкрунта́сы ’хітрыкі, выкручванне’ (БРС, Нас., КТС, Бір. Дзярж., Мал.); ’выгін дарогі’ (Касп.). Запазычанне з польск. wykrętasy ’хітрыкі’. Параўн. выкрутасы.

Вы́крут ’хітрыкі’ (БРС, КТС, Гарэц., Др.-Падб.); ’буралом’ (Нікан.). Рус. вы́крут ’дзеянне па дзеяслову выкрутить’, укр. ви́крут ’хітрыкі’, польск. wykręt ’тс’. Бязафікснае вытворнае ад выкруціць (гл. круціць) (Шанскі, 1, В, 225).

Выкрута́сы ’хітрыкі, выкручванне’ (БРС, Др.-Падб., Гарэц., Інстр. III); ’выгін ракі’ (Шат., Яшк.). Рус. выкру́тасы, укр. викрута́си, польск. wykrętasy ’тс’. Вытворнае ад выкрут пры дапамозе суф. ‑ас (Шанскі, 1, В, 225). Усё да крутой (Фасмер, 1, 368). Аб магчымым балтыйскім паходжанні суф. гл. Карскі, Белорусы, 137; Лаўчутэ, Лекс. балт., 19.

Вы́крутка ’выйсце’ (БРС, КТС). Рус. бранск. вы́крутка, укр. ви́крутка ’хітрасць’. Памяншальнае да выкрут (гл.) або непасрэднае вытворнае ад выкруціцца пры дапамозе суф. ‑ка.

Выкрыва́льнік (БРС). Да выкрываць, структурная калька рус. разоблачи́тель (Крукоўскі, Уплыў, 121).

Вы́крэст ’хрышчоны яўрэй’ (Нас.). Рус. выкрест ’тс’. Бязафікснае ўтварэнне ад выкрэсціць (гл. хрысціць). Параўн. Фасмер, 1, 368.