Ключ 1 ’прылада для замыкання і адмыкання замка’ (ТСБМ, Шат., ТС, Сл. паўн.-зах., Яруш., Сцяшк., Бяльк., Янк. II, КЭС, лаг.), ’палка для замыкання дзвярэй’ (Шушк.). Укр. ключ, рус. ключ, ст.-рус. ключь ’тс’, ст.-слав. ключь, балг. ключ, макед. клуч, серб.-харв. кљу̑ч, славен. kljúč ’тс’, польск. klucz, чэш. klíč, славац. kľúč, в.-луж. klúč, н.-луж. kluc, палаб. klʼauc ’тс’. Да прасл. kluka. Суфіксацыя ‑jь фарміруе вытворныя імёны м. р. ад прыметнікаў яшчэ балта-славянскага перыяду (гл. Мартынаў, Праслав. дерив., 22). Таму можна меркаваць аб прыметніку *kluk‑jь ’гакападобны’, ад якога семантычным шляхам утварылася klučь.
Ключ 2 ’вага ў студні з жураўлём’ (ДАБМ, Янк. II, Тарнацкі, Studia). Гл. ключ 1.
Ключ 3 ’крыніца, струмень вады, які б’е з зямлі на дне крыніцы, калодзежа, на беразе ракі, у возеры’ (Яшк., Жд. 2, Сл. паўн.-зах., Маш.). Параўн. ст.-рус. ключь ’тс’. Наяўнасць паўднёваславянскіх паралелей для гэтага значэння (серб.-харв. кљу̑ч ’струмень вады’) сведчыць аб яго яшчэ праславянскай старажытнасці. Неабавязкова таго ж паходжання, што і ключ 1 (гл.), але іншай надзейнай версіі няма.
Ключ 4 ’чарада птушак (гусей, жураўлёў і пад.), якія ляцяць клінам’ (ТСБМ, Сержп., ТС), ’натоўп людзей’ (Ян.). Гл. ключ 1.
Ключ 5 ’панскае ўладанне, вялікі двор, які падзяляўся на фальваркі або засценкі’ (Яшк., Гарб.). Да ключ 4 (гл.).
Ключ 6 ’вясёлка’ (ДАБМ). Да клюка 1 (гл.) у адпаведнасці з формай.