Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Вы́радзіцца ’прыгожа апрануцца’ (Янк. Мат.). Запазычанне з рус. вырядиться ’тс’.

Выража́ць, выража́ты, выраджа́ти ’падрыхтоўваць, збіраць у дарогу’ (Булг., Бес.). Запазычанне з укр. виряжа́ти ’тс’.

Вы́раз (БРС, Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Запазычанне з польск. wyraz.

Выраза́ць (БРС, Касп., Яруш.), выры́звацца ’з’яўляцца (аб калоссях, усходах)’ (малар., стол., Выг. дыс.), вырэ́звацца ’ўзыходзіць (пра сонца)’ (Шатал.). Гл. рэзаць. Апошняе значэнне — украінізм; параўн. вирі́зуватися ’выходзіць (аб месяцы)’.

Вы́разіць (БРС). Рус. вы́разить, укр. ви́разити, польск. wyrazić ’выразіць, паказаць’, чэш. vyraziti ’выгнаць, выразіць’. Ад раз (гл.). У рус. і чэш. калька ням. ausdrücken ’выціскаць, выражаць’, якое ў сваю чаргу з’яўляецца калькай лац. exprimere ў некаторых яго значэннях (Мейе, 247; Шанскі, 1, В, 230 і наст.). У беларускай мове выразіць і выраз, магчыма, калька польск. або рус. слоў.

Выра́знасць (БРС). Да выра́зны. Калька рус. вырази́тельность (Крукоўскі, Уплыў, 118). Але не выключана, калі меркаваць па націску, і запазычанне з польск. wyrazność.

Выра́знік, выра́зніца (БРС). Утварэнне ад выра́зны. Структурныя калькі рус. вырази́тель і вырази́тельница (Крукоўскі, Уплыў, 118).

Выра́зны (БРС, Нас.). Відавочна, запазычанне з польск. wyrazny ’тс’, калі ўлічыць націск і фіксацыю ўжо ў Насовіча насуперак Гіст. мовы (2, 141 і наст.), дзе яно лічыцца новаўтварэннем пачатку XX ст.

Вы́рай, вы́рый ’цёплыя краіны, куды птушкі адлятаюць восенню; чарада пералётных птушак (або адна птушка), якія першымі з’яўляюцца вясной’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Гарэц., Мал., Нікольскі, Федароўскі, 1), вы́ріі ’птушкі, якія прылятаюць вясной і адлятаюць восенню’ (КЭС), выро́я (Мядзв.), вы́рья, вы́рія ’тс’ (Яшк.). Рус. и́рей, и́рий, род. скл. и́рья ’паўднёвы цёплы край, куды птушкі адлятаюць на зіму; казачная краіна’, вы́рей ’жаваранак; усякая птушка, якая адлятае восенню’; ’казачная краіна’, ст.-рус. ирии, род. скл. ирьꙗ ’паўднёвыя краіны’, укр. ви́рей, ви́рій, польск. дыял. wyraj ’тс’. Па традыцыйнай версіі запазычанне з іран. *airyā (dahyu‑) ’арыйская краіна’; параўн. асец. ir ’асеціны’ (Фасмер, 2, 137 і наст.; там жа падрабязна і інш. літаратура). Гіпотэза Брукнера (195) аб прыстаўцы і‑ і сувязі з рай непераканаўчая. Ільінскі (РФВ, 74, 139) зыходзіць з *vyrojь, што тлумачыць укр. ви́рій, але па прычыне існавання ст.-рус. ирии укр. форма, відавочна, — вынік народнай этымалогіі. Паводле Мартынава, БЛ, 1975, 7, 69, крыніцай усходнеслав. слоў (польск. wyraj < бел. вырай) з’яўляецца заходнебалт. pluralia tantum *i̯uriai̯ (ст.-прус. iuriay ’мора’), якое адпавядае рус. ирей (i̯ū > i̯i). Бел. і ўкр. формы ўзніклі ў выніку пераўтварэння фразеалагізма *vъ irejь ’у вырай’. Апрача таго, на сучаснай Гродзеншчыне (старажытная заходнебалтыйская тэрыторыя) існуе паданне пра тое, як птушкі збіваюцца зімой у вялікі шар, які апускаецца ў мора. Аб сувязі славянскіх слоў з балт. формамі гл. таксама Безлай, ССл., 1976, 5, 65 і наст.

Вы́рай2 ’новы населены пункт, новая асобная гаспадарка’ (Яшк., слаўг.). З *vyrojь?

Вы́рак ’адрачэнне; прыгавор’ (БРС, Байк.), выро́к ’лёс, доля; судовы прыгавор’ (Нас.). Запазычанне з польск. wyrok (Кюне, Poln., 115; Жураўскі, SlOr, 10, 40; Булыка, Запазыч., 74). Націск на другім складзе Кюне (там жа) тлумачыць уплывам ускосных склонаў.