Раз, рас ’абазначае аднакратнасць дзеяння’, ’указвае на час дзеяння ў адносінах да раду падобных дзеянняў’, ’выражае ступень павелічэння або змяншэння суб’екта дзеяння, уласцівасці і да т. п.’ (ТСБМ), ’адзін (ліч.)’, ’аднойчы’ (ТСБМ, Яруш., Нас.; смарг., в.-дзв., гарад., брасл., віл., гродз., Сл. ПЗБ), ’пра пачатак дзеяння’ (Нар. лекс., Бяльк.), ст.-бел. разъ ’удар’, рус. раз ’тс’, укр. раз ’тс’, польск. raz ’раз’, в.- і н.-луж. raz ’раз’, славац. raz ’характар’, ’удар’, чэш. ráz ’удар, адбітак’, ’чаканка’, ’тып, характар’, славен. rȃz ’лапатка для адмервання зерня’, серб.-харв. ра̑з ’лапатка для адмервання зерня’, ’акладня плуга’. Першапачатковае *razъ ’удар’ звязана чаргаваннем галосных з рэ́заць (гл.), параўн. раз ’скіба зямлі’ (у слоўніку Каратынскага, гл. Мальдзіс, І ажываюць спадчыны старонкі. Мн., 1994, 71). Роднаснае літ. rúožas ’паласа, рыска’, rė́žti ’рэзаць, рабіць рысу’, лат. ruôza ’узвышанасць’, ’паласа, рад, сенажаць’, грэч. ῥώξ ’расколіна’, ῥήγνῡμι ’рву, праломваю’ (Фасмер, 3, 433; Праабражэнскі, 2, 177; БЕР, 6, 148). Першапачатковае значэнне ’рэзаць’ (параўн. рус. рази́ть, чэш. raziti ’чаканіць, біць’) развілося ў ’пачынаць дзеянне’ > ’рабіць адзін раз, першы раз’ > ’адзін раз’. Сюды ж злучнікі раз, рас ’калі’ (мядз., паст., Сл. ПЗБ): раз ня можаш піць, то не трэба табе жыць.